Юрыст штаба Бабарыкі Ілля Салей з'ехаў з Беларусі
Адвакат Ілля Салей з'ехаў з Беларусі, паведамляе штаб Віктара Бабарыкі. Цяпер ён знаходзіцца ў Варшаве.
Сваё рашэнне ён патлумачыў прысудам. які вынеслі Віктару Бабарыку, і закрытым судом над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Як і яны, Салей уваходзіў у перадвыбарчы шаб Бабарыкі.
"Рашэнне аказалася самым складаным з прынятых мной сам-насам з сабой за апошні год (а іх было нямала), і я да апошняга моманту шчыра спадзяваўся, што мне не давядзецца яго прымаць, але на сённяшні дзень менавіта такое рашэнне здаецца мне адзіным магчымым і ў той ці іншай ступені, якое задавальняе ўсіх", — напісаў Салей.
Салея затрымалі ў верасні 2020-га. але праз пэўны час выпусцілі (спярша пад хатні арышт). Ён кажа, што апошнім часам быў на волі пад закладам, таму за ягоныя ўцёкі акрамя яго самога ніхто адказнасці не панясе.