Юны ўгоншчык разбіўся на аўто, які скраў ужо другі раз (фота)

У Ваўкавыскім раёне 25 студзеня ў аўтааварыю трапіў юны ўгоншчык на чужым аўтамабілі. Прычым гэты "Фіят" ён скраў ужо другі раз. Першы раз юнак краў яго летась, і тады на яго пачыналі крымінальную справу за ўгон.

Цяпер юнак завёў машыну з дапамогай нажа. Каля вёскі Мачуліна ён няправільна выбраў хуткасць і наскочыў на агароджу моста. Кіроўца быў не прышпілены рамянём бяспекі, таму пасля аварыі яго даставілі ў лякарню. Хутчэй за ўсё, юнак быў нецвярозы, паведамляе ДАІ Гродзенскай вобласці.

Дарэчы, гэта не адзінае падобнае здарэнне на дарогах Гродзеншчыны ў мінулую нядзелю. У Іўеўскім раёне "Фіят" праехаў нецвярозым раварысце, які ляжаў на дарозе і не быў пазначаны святлоадбіўнымі элементамі. Яго ў цяжкім стане шпіталізавалі.

У Лідскім раёне перакулілася "Рэно", кіроўца якой няправільна выбрала хуткасць. На закругленні дарогі направа каля вёскі Дворышча яна не ўпісалася ў паварот. Машына з'ехала ў левы кювет і перакулілася. Пры аварыі пацярпеў сын кіроўцы. Яго змясцілі ў рэанімацыйнае аддзяленне лякарні.

Фота — ДАІ Гродзенскай вобласці