Яшчэ аднаго кіроўцу аўтобуса пакаралі “за расійскі сцяжок”

Электронную скаргу ў сталічны аўтобусны парк №6 напісаў дызайнер Максім Шняк. Ён абурыўся, што на лабавым шкле аўтобуса 123-га маршрута кіроўца павесіў на прысосцы дзяржаўны чырвона-зялёны і расійскі сцяжкі.



Неўзабаве ад дырэктара парка Аляксандра Цішкевіча прыйшоў адказ. У дакуменце паведамляецца, што “экіпіроўка аўтобуса прыведзена ў адпаведнасць стандарту прадпрыемства”. Гэта значыць, на лабавым шкле не павінна быць ніякіх старонніх прадметаў, якія б затулялі агляд. Таксама ў лісце зазначана, што “кіроўцу аўтобуса за дапушчаныя парушэнні паменшаны памер прэміі за кастрычнік”. А з іншымі кіроўцамі парка “праведзены дадатковы інструктаж на прадмет захавання экіпіроўкі аўтобуса”.



Як адзначыў у інтэрв’ю Еўрарадыё Максім Шняк, ён задаволены, што расійскі сцяжок прыбралі з гарадскога аўтобуса. Але пра пазбаўленне часткі прэміі кіроўцы ён не прасіў і лічыць, што гэтая мера залішняя.



Нагадаем, гэта ўжо не першы выпадак, калі грамадзяне дамагаюцца прыбірання з грамадскага транспарту расійскіх сцяжкоў. У Глыбокім такога дамогся журналіст Кастусь Шыталь, а ў Мінску — прадпрымальнік Алесь Мазанік.