Якія кнігі набывалі беларусы ў першы месяц лета? ТОП-5 ад кнігарні “Кнігаўка”

Беларусы чытаюць

Беларусы чытаюць / Еўрарадыё

Якія кнігі набывалі і чыталі беларусы ў першым месяцы лета? Кнігарня “Кнігаўка” падвяла вынікі чэрвеня і склала ТОП-5 самых папулярных выданняў.

5. Ева Вежнавец "Па што ідзеш, воўча?"

Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, — спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка — старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць. Жанр гэтай кнігі — балотная казка.

4. Стывен Кінг "Ззянне"

Новая праца Джэка Торэнса ў гатэлі «Аверлук» — ідэальная магчымасць пачаць усё з пачатку. У міжсезонне ён разам з жонкай Уэндзі і сынам Дэні перабіраецца ў стары гатэль, каб працаваць зімовым наглядчыкам. Там у Джэка з'явіцца шмат часу, каб уз'яднацца з сям'ёй і папрацаваць над уласнымі літаратурнымі творамі. Але з надыходам суровага зімовага надвор'я ідылічнае месца здаецца ўсё больш аддаленым ад цывілізацыі... і ўсё больш злавесным.

 

3. Каміла Цень "Наступны прыпынак — смерць"

Яшчэ больш вандровак па каларытных мясцінах Мінска: гэтым разам галоўныя месцы падзей — парк 50-годдзя Кастрычніка і інтэрнаты ля метро Магілёўская. Яшчэ больш загадак, з якімі можа даць рады толькі непаўторны дуэт Юр'еўны і Гаркавага. Не горш за Холмса і Уотсана!

Якія кнігі набывалі беларусы ў першы месяц лета? ТОП-5 ад кнігарні “Кнігаўка”
А вы чытаеце? / Еўрарадыё

2. Саша Філіпенка "Слон"

Аповед пра тое, як людзі не заўважаюць відавочныя рэчы, якія адбываюцца вакол; пра тое, як людзей расчалавечваюць, і як яны выбіраюць камфорт замест таго, каб выбіраць каханне.

 

1. Анджэй Сапкоўскі "Вядзьмар. Хрышчэнне агнём"

Сага Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў па ўсім свеце.

Навошта адзін паэт, які на вайне не толькі не карысны, але часам нават і шкодны, усё ж ідзе туды, куды нават не хацеў? Чаму адна лучніца рызыкуе жыццём, каб дапамагчы зусім чужому ёй ведзьмару? Навошта адзін вампір, які мог весці спакойнае вечнае жыццё, выпраўляецца ў небяспечнае нават для яго падарожжа?

Калі вам цікава знайсці адказы на гэтыя ды іншыя пытанні — проста набывайце беларускія кнігі і падтрымлівайце беларускіх пісьменнікаў ды перакладчыкаў.

Пачытаць пра навінкі літаратуры і пачытаць урыўкі розных кніг можна ў адпаведным раздзеле на сайце Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.