Як вярнуцца да спорту пасля зімы і пазбегнуць траўмаў? Парады артапеда

На старт... / unsplash.com
З набліжэннем вясны ў людзей з'яўляецца больш матывацыі займацца спортам.
— Спіш? Лета не за гарамі, — з папрокам нагадвае нам унутраны голас, і вось ужо раніцай мы ставім свой першы рэкорд па бегу ў 10 км або цягнем сябе на працу пасля двухгадзіннай трэніроўкі ў мацоўні.
— Фух, у мяне ўсё атры-мааа-лася! — з гонарам хвалім мы сябе за трэніроўку і ўжо заўтра не можам падняцца з ложка.
Знаёма, праўда?
Пра тое, да якіх наступстваў прыводзяць заняткі да знямогі пасля доўгай "зімовай спячкі", каму яны асабліва шкодзяць і як вяртацца ў спорт правільна, Еўрарадыё пагутарыла з траўматолагам-артапедам Рустамам Айзатуліным (які сам наведвае спартзалу і не па чутках ведае ўсё пра пабочкі раптоўных інтэнсіўных трэніровак).

Мы не павінны працаваць на знос. Карысныя парады для ўсіх
— Чым часцей людзі займаюцца спортам, тым больш прыгожымі, спрытнымі, здаровымі і разумнымі яны становяцца, — усміхаецца Рустам Айзатулін па дарозе ў спартзалу. — Абсалютных супрацьпаказанняў для інтэнсіўных трэніровак не так ужо шмат. Гэта могуць быць сардэчна-сасудзістыя хранічныя захворванні, неўралагічныя хваробы, розныя хранічныя захворванні апорна-рухальнага апарата (артрозы, артрыты і гэтак далей).
Іншых супрацьпаказанняў займацца я не бачу. Так што калі са здароўем усё ў парадку — займайцеся. Праўда, мы павінны добра разумець, што для кожнага ўзросту ёсць пэўныя правілы, як уваходзіць у спорт.


Займайцеся спортам рэгулярна
— Пажадана не рабіць вялікіх перапынкаў паміж трэніроўкамі, — кажа Рустам Айзатулін. — Ведаю па сабе і многіх іншых людзях, як часта на нейкім запале чалавек пачынае бегаць або хадзіць у спартзалу, а потым робіць досыць працяглы перапынак. Пераключыўшыся нават на некалькі дзён на вучобу, працу, нейкую бытавуху, потым вельмі складана вяртацца да спорту.
Калі раптам вы пачалі займацца і па нейкіх прычынах не можаце пайсці ў спартзалу або выйсці бегаць на вуліцу на працягу некалькіх дзён, рабіце хаця б невялікія штодзённыя трэніроўкі дома. Можна папрысядаць, паадціскацца, памацаваць прэс, зрабіць расцяжку.
Ну і калі вы ўжо ўзяліся за сваё здароўе, пракансультуйцеся з лекарам, якія менавіта вітаміны вам неабходна прымаць, харчуйцеся збалансавана і сачыце за сваім рэжымам дня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.