Стала вядома, якую аперацыю перанёс за кратамі журналіст-палітвязень Пачобут

Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут

Журналісту-палітвязню Анджэю Пачобуту ў турэмным шпіталі рабілі аперацыю па выдаленні язваў на скуры.

Пра гэта расказала кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая нядаўна наведвала Пачобута ў калоніі.

"Ён пакутуе на гіпертанію і арытмію. Апошнім часам у яго часта бывае падвышаны ціск. У верасні ў турэмным шпіталі ён перанёс аперацыю — выразалі язвы, якія ўтварыліся на скуры",паведаміла яна ў інтэрв'ю часопісу Newsweek.

Борыс сустракалася з Пачобутам 23 верасня. Пасля сустрэчы яна расказала, што палітвязень правёў тыдзень у шпіталі, дзе паправіўся — цяпер ён важыць 73 кг. Таксама ён заявіў, што атрымлівае неабходныя лекі.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года па "справе палякаў". У лютым 2023-га яго асудзілі на 8 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (артыкулы 130 і 361 КК). У дзяржаўных СМІ паведамлялася: у віну Пачобуту ставілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.