Анджэй Пачобут тыдзень правёў у шпіталі і важыць 73 кг

Анджэй Пачобут на судзе

Анджэй Пачобут на судзе / БЕЛТА

Палітвязень Анджэй Пачобут цяпер важыць 73 кілаграмы. Ён тыдзень правёў у шпіталі, дзе атрымліваў неабходныя лекі.

Пра гэта ў інтэрв'ю польскаму выданню Rp.pl расказала кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс. Напярэдадні яна наведвала Пачобута ў наваполацкай калоніі.

"Ён сказаў, што набраў вагу ў шпіталі. Турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго", — сказала Борыс.

Таксама яна расказала, што абмяркоўвала з Пачобутам дзейнасць Саюза палякаў, сям’ю, сяброў і знаёмых. Гаворкі пра выезд Пачобута з Беларусі ў выпадку вызвалення не было.

"Польская меншасць у Беларусі не займаецца палітыкай, мы не жадаем ніякай канфрантацыі. Мы ніколі не былі палітычнай арганізацыяй. Ён сказаў, каб сямʼя не турбавалася пра яго. Пасля сустрэчы я таксама збіраюся наведаць яго бацькоў", — расказала Борыс.

Андэжй Пачобут асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі. Як пісалі ў дзяржаўных СМІ, сярод выстаўленых яму абвінавачанняў было тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на польшчу ў 1939 годзе.

Сёлета Пачобут вылучаны кандыдатам на прэмію Сахарава, якую прысуджаюць за заслугі ў абароне правоў чалавека. Яго кандыдатуру вылучылі дзве ўплывовыя групы Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя і Еўрапейскія кансерватары і рэфарматары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.