Партыя вакцыны супраць віруса папіломы чалавека паступіла ў Беларусь

Прышчэпка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Беларусь паступіла партыя вакцыны супраць віруса папіломы чалавека Сecolin (Цэкалін). Пра гэта на прэс-канферэнцыі 1 кастрычніка расказала прадстаўніца Мінздароўя Ала Дашкевіч.
"Да лета ў нас былі пэўныя складанасці з пастаўшчыком, які не выканаў узятыя на сябе абавязанні. Таму была ў даволі аператыўным парадку арганізаваная яшчэ чарговая закупка, і з учорашняга дня ў арганізацыі аховы здароўя паступае вакцына. Таму хтосьці пачынае прывіваць ужо сёння, хтосьці вось у найбліжэйшыя дні", — адзначыла яна.
Пачаць вакцынацыю ў Беларусі планавалі ў траўні, аднак гэтыя планы сарваліся.
Раней паведамлялася, што Мінздароўя закупляе кітайскую вакцыну Walrinvax у індыйскай кампаніі. Прычым закупка праводзілася не праз адкрытыя таргі (іх прызналі несапраўднымі), а ў аднаго пастаўшчыка. Закупіць планавалася 60 тысяч доз. "Белыя халаты" назвалі гэтую колькасць недастатковай — паводле іх падлікаў, Беларусі штогод трэба да 150 тысяч доз.
Вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека з 2025 года ўключаная ў нацыянальны каляндар прышчэпак. У Мінздароўя кажуць, што ў першай дэкадзе кастрычніка на прышчэпку запросяць сем'і, у якіх выхоўваюцца дзяўчынкі 11 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.