Вакцыну супраць віруса папіломы чалавека зноў куплялі з адной крыніцы

Укол, ілюстрацыйнае фота

Укол, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Партыя вакцыны супраць віруса папіломы чалавека трапіла ў Беларусь пры даволі падазроных акалічнасцях. Увагу на гэта звяртае медыцынскі тг-канал "Белыя халаты".

Пра тое, што першая партыя вакцыны дастаўленая ў Беларусь і хутка пачнецца вакцынацыя, заявілі 1 кастрычніка прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя.

Спачатку планавалася, што вакцынацыя пачнецца ў траўні, потым яе перанеслі на чэрвень, а яшчэ пазней — на верасень. У Мінздароўя прызналіся, што пастаўшчык не паставіў вакцыну ў тэрмін і не падаў пацвярджэнне завяршэння фінальнага кантролю якасці. Таму кантракт з ім давялося разарваць. Пры гэтым чамусьці кітайскую вакцыну закуплялі не наўпрост у вытворцы, а праз індыйскую кампанію.

Паўторная закупка зноў праводзілася з адной крыніцы, бо аўкцыён зноў не адбыўся. І зноў закупка адбывалася не непасрэдна ў вытворцы, а праз "пракладку" — ТДА "ФармаМедыкалГруп".

"Белыя халаты" звяртаюць увагу таксама на тое, што падачу дакументаў было вылучана толькі 2 дні. Адзін з патэнцыйных удзельнікаў аўкцыёну прасіў павялічыць гэты тэрмін, бо падрыхтаваць дакументы для тэхнічна складанай закупкі няпроста, але яму адмовілі.

Вакцына Cecolin (Цэкалін), пастаўленая ў Беларусь, распрацаваная кітайскай кампаніяй Xiamen Innovax Biotech Co., Ltd. Яна атрымала перадкваліфікацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Аднак у ЕС яна не прымяняецца — толькі ў Кітаі, а таксама ў краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.