У Беларусі актыўна пашыраецца "стратус", але прычын турбавацца няма — Мінздароўя

Стэтаскоп, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У верасні адзначаецца традыцыйны сезонны рост захворванняў на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. Сёлета захворванні на ВРВІ — на ўзроўні сярэдніх паказчыкаў за апошнія два гады.
Пра гэта заявіла намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Святлана Нячай.
"У структуры традыцыйныя негрыпозныя вірусы — рынавірусы, адэнавірусы, рэспіраторна-сінцытыяльны вірус, каранавірусы, уключаючы SARS-CoV-2, які стаў ужо сезонным, у тым ліку "стратус", які актыўна займае сваю нішу ў Беларусі. Новы падварыянт омікрона не выклікае цяжкага працякання захворвання", — дадала яна.
Паводле Нячай, прымаць абмежаванні, у тым ліку ў школах і дзіцячых садках, не патрабуецца. У аптэчнай сетцы і медустановах, запэўнівае яна, ёсць усё неабходнае для аказання медыцынскай дапамогі.
Таксама медык нагадала меры прафілактыкі: праветрываць памяшканне, больш знаходзіцца на адкрытым паветры, апранацца ў адпаведнасці з надвор'іем, есці садавіну і гародніну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.