Як беларускія дзяржслужбоўцы лаялі ЕС, але скуплялі кватэры ў Балгарыі
Сонечны Бераг, Балгарыя / shutterstock.com
Работнікі беларускіх дзяржструктур лаюць Захад, падтрымліваючы рыторыку Лукашэнкі. Аднак гэта не перашкаджае ім адпачываць у еўрапейскіх краінах і купляць там нерухомасць. "Беларускі расследавальніцкі цэнтр" даведаўся, хто з дзяржслужбоўцаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў абзавёўся ўласнасцю на беразе Чорнага мора ў Балгарыі.
Сярод іх Дзмітрый Партон, які шмат гадоў адданы Аляксандру Лукашэнку, працуе з дзяржСМІ і лае Еўрасаюз. Пры гэтым любіць адпачываць на самым вядомым курорце Балгарыі ва ўласных апартаментах. Яшчэ Станіслаў Іодзіс. Ён купляў жыллё ў Еўропе, быўшы кіраўніком найбуйнейшага алкагольнага дзяржхолдынга Беларусі. Афіцыйны яго заробак не быў вельмі высокі.
Абзаводзіліся кватэрамі ў Балгарыі і беларускія дзяржслужбоўцы, ніжэйшыя рангам. У кожнага з іх для гэтага былі свае крыніцы даходу, але выключна на заробак гэта было б зрабіць складана.
Дзмітрый Партон
Дзмітрый Партон пачынаў у вайсковых СМІ і на радыё, потым узначаліў прэс-службу МУС, адвучыўся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і выйшаў на кіраўнічыя пасады ў дзяржаўных СМІ. З 2012 да 2017 года — намеснік галоўнага рэдактара "СБ. Беларусь сегодня". Потым — дырэктар дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання тэлеканала СТБ. З 2018-га — намеснік гендырэктара агенцтва "Минск-Новости".
Дзмітрый Партон часта крытыкуе парадкі "ў сытай і распуснай Заходняй Еўропе".
— Выглядае, што французскія паліцэйскія, надзеўшы ружовыя шалікі, страцілі нюх, або яны ўжо не могуць зразумець, хто свой, хто чужы ў шматмільённым эмігранцкім натоўпе? Няўжо было не ясна, што ўвесь гэты еўрапейскі лібералізм і ёсць бомба запаволенага дзеяння? — гэта адзін з яго пасажаў.
У 2011 годзе ён абзавёўся жыллём на самым вядомым курорце ў Балгарыі, Сонечным Беразе. Кватэра на 38 квадратных метраў абышлася медыяменеджару прыкладна ў 26 тысяч долараў.
Яна знаходзіцца за 500 метраў ад пляжа; побач басейн, зона для загару і адпачынку, рэстаран. У траўні 2022 года намеснік дырэктара "Минск-Новости" адпачываў з сям'ёй у Балгарыі і фатаграфаваўся з унукам.
Як вынікае з адкрытых крыніц, за апошнія 10 гадоў Партон разам са сваёй жонкай — хатняй гаспадыняй пабываў у шмат якіх еўрапейскіх сталіцах.
Па звестках, якія далі "Кібер-Партызаны", афіцыйны заробак Партона на дзяржслужбе складае каля $20 тысяч у год.
Ад каментароў наконт сітуацыі Дзмітрый Партон адмовіўся.
Станіслаў Іодзіс
Кар'ера Іодзіса таксама пачалася ў праваахоўных органах: у канцы дзевяностых ён працаваў пракурорам у Мінску.
Потым перайшоў у гандаль. Быў дырэктарам мінскага рэстарана "Лідо" і Камароўскага рынку, а ў 2010 годзе апынуўся на кіраўнічай пасадзе ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.
Праз год Аляксандр Лукашэнка даверыў яму найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі па вытворчасці алкаголю — "Мінск Крышталь".
Першую кватэру Іодзіс купіў на вуліцы Лабанка ў Мінску ў 2009 годзе, узначальваючы Камароўскі рынак. Праз тры гады ў сям'і Іодзісаў з'явіўся двухпавярховы дом у Стоўбцах на 130 квадратных метраў з лазняй.
Акрамя таго, кіраўнік алкахолдынга любіць машыны. Дастаткова згадаць новы "лэнд-ровер" 2014 года, які каштуе не адзін дзясятак тысяч долараў.
Па звестках "Кібер-Партызанаў", у сярэднім афіцыйны гадавы заробак Станіслава Іодзіса на "Мінск Крышталі" складаў $20 тысяч.
А яго тагачасная жонка Алена Іодзіс працавала ў фірме пашыву і продажу спецадзення "Бяспека працы" і зарабляла ў сярэднім каля $2,5 тысячы ў год.
У 2016 годзе — праз год пасля разводу з жонкай — Станіслаў Іодзіс купіў кватэру ў Балгарыі, на курорце Паморые. Горад на беразе Чорнага мора знакаміты лячэбнымі гразямі і салёнымі азёрамі. На момант куплі цана апартаментаў у раёне, які выбраў Іодзіс, пачыналася ад 29 тысяч еўра. Па звестках "Кібер-Партызанаў", у Балгарыю ён лётаў практычна штогод пачынаючы з 2007-га — заўсёды ў ліпені-жніўні — з тагачаснай жонкай Аленай.
Праз 3 гады пасля куплі балгарскай нерухомасці Станіслаў Іодзіс трапіў у скандал. У кастрычніку 2019 года яго знялі з пасады кіраўніка "Мінск Крышталя" за тое, што ён нібыта не ўпільнаваў падначаленых і дапусціў карупцыю на прадпрыемстве.
З доказамі злачынства былі затрыманыя трое супрацоўнікаў алкагольнага завода. Па звестках следства, за 2018–2019 гады сумарна яны атрымалі хабараў прыкладна на $17 тысяч. СМІ са спасылкай на КДБ паведамлялі, што намеснік начальніка транспартнага аддзела "Мінск Крышталя" Баркоў абвінавачваўся ў хабары за абслугоўванне службовых аўтамабіляў у камерцыйнай структуры. А галоўны інжынер Жарын, паводле версіі следства, меў намер падрабіць дакументы і конкурсныя працэдуры. У 2020 годзе яго за гэта асудзілі на 6 гадоў калоніі.
Станіславу Іодзісу, пры якім дзейнічалі гэтыя схемы, следства абвінавачванняў не прад'явіла. Больш таго, ужо праз месяц пасля скандалу Іодзіс спакойна выехаў у Літву, а ў канцы 2019-га быў у Латвіі. Таксама з дапамогай "Кібер-Партызанаў" выявілася яго паездка ў Польшчу ў 2020 годзе і агулам 10 пералётаў пасля звальнення з "Мінск Крышталя".
Па словах Станіслава Іодзіса, ён "шчаслівы", што журналісты ўсё ведаюць пра яго нерухомасць, але ад каментароў адмовіўся, прыгразіўшы звярнуцца ў праваахоўныя органы.
Аляксандр Кадышаў
Аляксандр Кадышаў кар'ерны шлях пачаў у МУС. З 2008 года працаваў у сістэме юстыцыі. Каля 5 гадоў узначальваў "Цэнтр судовых экспертыз", паўгода працаваў у прыватным "БІП-Інстытуце правазнаўства". З 2016 года — гендырэктар дзяржпрадпрыемства "БелЮрЗабеспячэнне", якое падпарадкоўваецца Мінюсту і ладзіць аўкцыёны па продажы арыштаванай маёмасці. Як сцвярджае наша крыніца ў Мінюсце, на працу дзяржканторы неаднаразова скардзіліся судовыя выканаўцы.
Па звестках "Кібер-Партызанаў", у сярэднім Кадышаў зарабляў у "БелЮрЗабеспячэнні" каля $20 тысяч у год.
Гэта амаль у 6 разоў больш, чым заробкі радавых супрацоўнікаў, якія, па словах нашай крыніцы, у 2020 годзе не перавышалі $3,5 тысячы ў год. Такую розніцу ў ацэнцы працы можна было б растлумачыць вялікімі поспехамі Кадышава на пасадзе, але факты гэтага не пацвярджаюць. Так, у 2021 годзе прыбытак "БелЮрЗабеспячэння" скараціўся ўдвая.
У 2017 годзе, праз паўгода пасля пачатку працы на пасадзе гендырэктара, Кадышаў купіў кватэру на вуліцы Леаніда Бяды ў Мінску ацэначным коштам больш за 70 тысяч долараў.
Тады ж, як высветлілі мы з дапамогай калег з Балгарскага расследавальніцкага цэнтра BIRD.BG, ён абзавёўся нерухомасцю ў Балгарыі.
Невялікая кватэра знаходзіцца ў жылым комплексе ў горадзе Свеці-Улас, які прыцягвае турыстаў залацістымі пляжамі, горнымі хрыбтамі, цёплым морам і мноствам бухтаў.
Аляксандр Кадышаў заявіў, што ў красавіку 2022 года пакінуў пасаду кіраўніка "БелЮрЗабеспячэння" і пайшоў на пенсію. Паводле яго слоў, жыллё ў Мінску і Балгарыі набыў на грошы, якія зарабіў яшчэ да прыходу на "БелЮрЗабеспячэнне".
Кадышаў называе балгарскую кватэру "нумарам у гатэлі", які купіў пасля азнаямленчага тура. Асноўны матыў куплі Кадышава — блізкасць мора, плаванне ў якім дазваляе 66-гадоваму функцыянеру падтрымліваць здароўе. У цяперашні час ён падумвае прадаць кватэру ў Балгарыі, якая стала практычна недаступнай для паездак. У размове з журналістамі ён заявіў, што пайшоў на пенсію і цяпер мае намер ездзіць на мора ў Крым.
Людміла Вольвач
Недалёка ад кватэры Аляксандра Кадышава мы знайшлі яшчэ адны апартаменты з беларускімі гаспадарамі. У 2012 годзе кватэру на 48 квадратаў прыкладна за $23 тысячы купіла сям'я Вольвачаў.
З вокнаў верхніх паверхаў гэтага комплексу адкрываецца від на мора і горы. На апошнім паверсе ёсць зона з джакузі і лежакамі на панарамнай тэрасе.
Маці сямейства, Людміла Вольвач, на момант куплі ўжо 9 гадоў была ў разводзе і працавала ў Гродзенскім гарвыканкаме на пасадзе начальніка аддзела бухгалтарскага ўліку, фінансаў і цэн упраўлення гандлю і паслуг.
Можа, апартаменты Людміле дапамог купіць былы муж? За 2012-ы, год набыцця балгарскай кватэры, ён зарабіў $3 тысячы ў кампаніі "ТэхБудКантракт". Прыкладна такім самым быў яго заробак і ў папярэднія гады. У выніку выразнага адказу на пытанне, адкуль у Людмілы Вольвач кватэра ў камфартабельным комплексе ў Балгарыі, журналісты не атрымалі. Яна толькі сказала, што, "працуючы ў гарвыканкаме, нельга не тое што купіць кватэру, нават дазволіць сабе адпачываць там". Так ці інакш, уласніцай гэтых апартаментаў яна стала, знаходзячыся на дзяржслужбе.