Як беларускія актывісты перайшлі дарогу дальнабойшчыкам: канфлікт на мяжы

Пратэстоўцы vs дальнабойшчыкі / калаж Еўрарадыё
Пратэстоўцы vs дальнабойшчыкі / калаж Еўрарадыё

Беларускія актывісты ў памежным пункце пропуску "Мядзінінкай" 26 чэрвеня планавалі перакрыць дарогу для дальнабойшчыкаў на дзве гадзіны. 

Пратэстоўцы расказалі Еўрарадыё пра непрыемны інцыдэнт: мужчына груба павёў сябе ў дачыненні да адной з актывістак. Па словах прадстаўнікоў лагера, на яго ўжо завялі крымінальную справу ў Літве.

Как белорусские активисты перешли дорогу дальнобойщикам: конфликт на границе
Удзельніка канфлікту пасадзілі ў паліцэйскую машыну / скрыншот з відэа LiveFEED

Гэта гісторыя, безумоўна, не апісвае нораваў дальнабойшчыкаў у цэлым. Але пераконвае: сітуацыя на мяжы сапраўды абвастрылася.

Пацярпелая беларуска Дар'я — адна з актывістак намётавага лагера ў пункце пропуску "Мядзінінкай". Санкцыі ЕС пастаяльцы лагера лічаць недастатковымі і самі ўводзяць дадатковыя сімвалічныя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі. Гэта значыць, блакуюць дарогу.

Суботняя акцыя была ўзгодненая з літоўскімі ўладамі. Але не з дальнабойшчыкамі. Не ўсе з тых, хто ехаў у той дзень у Беларусь, былі гатовыя спантанна і прымусова выказаць салідарнасць з лагерам.

Карэспандэнтка Еўрарадыё паразмаўляла з беларусамі, якія дзяжураць у лагеры на мяжы. А потым зірнула на акцыю пратэсту праз лабавую шыбу фуры.

 

Актывістка лагера: "Агрэсіі на адрас дзяўчынкі з ружовымі валасамі я не чакала"

Лагер стаіць на мяжы ўжо чацвёрты тыдзень. Раней актывісты дзяліліся з намі відэаролікамі, на якіх відаць, што дальнабойшчыкі, якія праязджаюць міма, сігналяць у падтрымку беларусам. А беларусы вітаюць іх сцягамі і сімваламі "віктары".

Как белорусские активисты перешли дорогу дальнобойщикам: конфликт на границе
У суботу беларусы сталі на дарозе дальнабойшчыкам / фота Віталя Алейніка

Адзін з пастаяльцаў лагера Віталь Алейнік кажа, што і ў дзень перакрыцця дарогі многія паставіліся да акцыі спакойна.

— Але было некалькі чалавек, якія выказвалі агрэсію, спрабавалі прарвацца праз перакрыцце. Быў выпадак, калі адзін велікагруз папёр на нас, а іншыя кіроўцы выскачылі і пачалі блакаваць яго: у фур ззаду ёсць спецыяльныя рычагі экстраннага тармажэння. Так што нашы дні тут насычаны падзеямі, — кажа Віталь.

Актывістка Дар'я насычанасць падзей выпрабавала на сабе. У суботу яна выйшла на дарогу, каб падштурхнуць Еўропу да актыўных дзеянняў. Гэты дзень скончыўся для яе здыманнем пабояў. Дар'я расказала, што адзін з дальнабойшчыкаў павёў сябе агрэсіўна.

— Агрэсіі на адрас дзяўчынкі з ружовымі валасамі я ніяк не чакала. Усё здарылася нечакана. Я падышла да знаёмага. Двое дальнабойшчыкаў якраз пачалі агрэсіўна паводзіць сябе ў дачыненні да хлопцаў, якія блакавалі фуру. Аднаму з іх не спадабалася, як я на яго паглядзела. На мне быў капялюш. Гэты кіроўца пацягнуў капялюш на сябе, потым тузануў уніз. А потым, прыклаўшы адчувальную сілу, ударыў мяне ў твар паміж броваў.

На відэа трапіў момант канфлікту. Праўда, там відаць, толькі як дальнабойшчык груба нацягвае капялюш на твар дзяўчыны.

Момант канфлікту трапіў на відэа

Мы папрасілі Дар'ю азнаёміцца з высновамі медыкаў. Яна прадэманстравала Еўрарадыё звесткі медагляду (дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі). У адным з пунктаў спраўкі сапраўды сказана, што ў яе зафіксавана "неўстаноўленая траўма галавы".

Цяпер беларуска праходзіць па крымінальнай справе ў статусе пацярпелай. Яе дагэтуль турбуе шум у вушах, у яе дагэтуль баліць галава.

— Я вельмі дрэнна сплю, у мяне ные шыя. У мяне пачасціліся панічныя атакі: пачынаю задыхацца, трасуцца рукі. Сёння заўважыла, што мне страшна, калі на мяне глядзяць мужчыны.

Пагутарыць з дальнабойшчыкам, які ўдарыў яе, Дар'і не ўдалося. Але гэта сітуацыя не паўплывала на рашучасць дзяўчыны ўдзельнічаць у акцыях і мець зносіны з іншымі кіроўцамі. Тым больш многія праяўлялі салідарнасць, самі ішлі на кантакт з актывістамі лагера, нават прыносілі прадукты.

— Многія разумеюць мэту блакавання. Некаторыя дальнабойшчыкі нават самі блакавалі дарогу разам з намі, выходзілі з плакатамі.

А тым, хто гэтага не разумеў, мы спрабавалі растлумачыць, што змагаемся за свабодную Беларусь. Што хочам, каб у краіне вызвалілі ўсіх палітвязняў. Хочам, каб кампаніі, якія ўсё яшчэ супрацоўнічаюць з Беларуссю, зразумелі, што спансуюць рэжым.

Дар'я запэўнівае, што актывісты гатовыя ісці на саступкі дальнабойшчыкам. Тых, хто вязе скорапсавальны прадукт, прапускаюць.

— Мы прапускалі тых, хто тлумачыў нам сітуацыю. Часам кіроўцы казалі: "У мяне засталося паўтары гадзіны на тое, каб перасекчы мяжу". Або "У мяне скорапсавальны прадукт". Мы не хочам падстаўляць людзей. Беларусы за мір.

Віталь у пацвярджэнне яе слоў дэманструе відэа, на якім відаць, што актывісты гатовыя дамаўляцца нават з крытычна настроенымі да лагера кіроўцамі. А хуткая дапамога і зусім праязджае праз лагер, не змяншаючы хуткасці.

Беларускія пратэстоўцы заўсёды былі вядомыя за навык прапускаць машыну "хуткай". Мяжа — не выключэнне

— Мы бачым, што большасць дальнабойшчыкаў нас разумеюць. І ў размовах прыносім асабістыя выбачэнні за затрымкі ў дарозе. Пры гэтым мы рады, што і дальнабойшчыкі бачаць, што можна без дубінак і газу мець зносіны адно з адным і даносіць свае пазіцыі хоць бы ля мяжы з РБ. Людзі ўсіх з радасцю чакаюць у лагеры ў Медзінінкаі для абмеркавання пратэсту, яго мэт і важных вынікаў, якіх людзям у лагеры ўдаецца дасягаць.

 

Дальнабойшчык: вешаюць кляймо "ябацька", скандуюць перад машынай

На гэтых выхадных было горача не толькі на мяжы, але і ў чаце дальнабойшчыкаў. Раніцай у панядзелак самыя вострыя каментары выдалілі з чата разам з карэспандэнткай Еўрарадыё, якая спрабавала знайсці ў чаце суразмоўцу для інтэрв'ю.

"Сябры! У апошнюю гадзіну мы назіраем атаку фабрыкі троляў з Беларусі, якія спрабуюць уцягнуць наш чат у гульні па кампраметацыі пратэставага руху ў гэтай краіне", — напісалі адміністратары чата.

Там растлумачылі ўдзельнікам: блакаванне дарог на межах "носіць сімвалічны характар і не мае на мэце поўнага блакавання трафіку. Мэта акцыі — звярнуць увагу на безмеж, якая адбываецца ўнутры гэтай краіны".

Але не ўсе дальнабойшчыкі згодныя з пазіцыяй мадэратараў. Кіроўца фуры Аляксандр расказаў Еўрарадыё, як сітуацыя выглядае праз прызму лабавога шкла велікагруза.

Как белорусские активисты перешли дорогу дальнобойщикам: конфликт на границе
Глядзім на праблему з іншага боку

— Першапачаткова я не ведаў, што адбываецца на мяжы. Калі прыехаў, быў у шоку. Я не ведаў, што такое магчыма. Працэдура афармлення на мяжы і без таго займае шмат часу. А тут яшчэ і гэтыя актывісты, — дзеліцца суразмоўца Еўрарадыё. — Самі ўявіце: нервы і так на мяжы. І вось ужо, здаецца, прайшоў гэту працяглую працэдуру. І тут на табе.

Больш за ўсё Аляксандра здзівіла, што літоўскія ўлады санкцыянавалі акцыю. Ён разумее, што адносіны паміж краінамі пахіснуліся. Але не разумее, чаму ахвярамі расколу становяцца простыя кіроўцы.

— Гэтая сітуацыя не мае нічога агульнага з палітыкай. Мы вязём свой груз для простых грамадзян. Навошта наступствы палітычных рознагалоссяў перакладаць на межы? На нас? Я не разумею.

З асноўнай сваёй задачай пратэстоўцы так і не справіліся. Праз напружаную атмасферу на мяжы патрабаванняў актывістаў сам Аляксандр так і не пачуў. А вось як перад машынамі некаторых дальнабойшчыкаў скандуюць "Ябацька!" — пачуў. Цяпер ён заклікае даволі бескампрамісна: "Проста згортвайце свой лагер".

— Больш за ўсё мяне здзівіла, што на нас вешаюць кляймо: калі ты не з намі, то ты "ябацька". Скандуюць гэта перад тваёй машынай. Я лічу такія паводзіны вялікай непавагай да кіроўцаў.

Как белорусские активисты перешли дорогу дальнобойщикам: конфликт на границе
Сітуацыя на мяжы ў суботу / Віталь Алейнік

І так, я так і не зразумеў, чаго дамагаюцца людзі ў намётавым мястэчку. Не зразумеў, наколькі эфектыўныя гэтыя іх акцыі. Не зразумеў, навошта выходзіць на праезную частку. Некаторыя кіроўцы спрабуюць ім падыграць: то сігналяць, то махаюць.

Але досыць у нашых чатах дальнабойшчыкаў і хлопцаў, якія займаюць іншую пазіцыю. Для якіх дзеянні гэтых хлопцаў-актывістаў выглядаюць як навязванне поглядаў. Іх паводзіны адштурхваюць.

Аляксандр запэўнівае, што не ўяўляе сабе кіроўцаў, якія далучыліся б да гэтай акцыі.

— Пратэстоўцы кажуць, што дальнабойшчыкі выходзілі на акцыю разам з імі? Дальнабойшчыкі ніколі не будуць стаяць там з плакатамі. Дзіўна чуць, што дальнабойшчык можа падтрымаць таго, хто выйшаў перакрыць яму дарогу.

Дзве гадзіны перакрыцця дарогі для кіроўцаў могуць абярнуцца праблемай з дзвюх прычын. Першая — дальнабойшчык можа не паспець у зарэзерваваную для яго электронную чаргу. Гэта месца ў чарзе для кіроўцаў бранююць кампаніі. Блокпост на дарозе ў такім выпадку вельмі нясвоечасовы.

— А па-другое, бываюць проста скорапсавальныя прадукты. Хто будзе несці адказнасць, калі ты не паспееш давезці груз своечасова? У нас, дальнабойшчыкаў, дома таксама ёсць сем'і. Што нам гаварыць дома, калі тавар не прымуць? Пратэстоўцы не адказваюць на гэтыя пытанні.

У падобную сітуацыю якраз і трапіў адзін з дальнабойшчыкаў, які вёз медыкаменты ў Беларусь і Расію. Ён расказаў Еўрарадыё, што не паспеў прыехаць своечасова, а ад спёкі частка прэпаратаў сапсавалася, іх не прынялі.

Ці можна дамовіцца з пратэстоўцамі? Аляксандр запэўнівае, што актывісты нават адмаўляліся паглядзець дакументы тых кіроўцаў, якія едуць праз Беларусь транзітам.

Как белорусские активисты перешли дорогу дальнобойщикам: конфликт на границе
Фура ў пункце пропуску / Sputnik

— Тыя, хто змагаецца за дэмакратыю, у суботу нас і нашы праблемы папросту ігнаравалі.

Для самога Аляксандра лішнія некалькі гадзін на мяжы праблемай не абярнуліся, рэйс завяршыўся добра. Яго начальства пакуль не бачыць вялікай праблемы ў акцыях на мяжы. Але калі акцыі будуць працягвацца далей, Аляксандар не выключае, што некаторыя фірмы перагледзяць сваё стаўленне да знакамітага літоўскага выгаднага геаграфічнага становішча.

— Хай пратэстоўцы паспрабуюць перакрыць вуліцы для руху грамадскага транспарту ў сталіцы Літвы. Паглядзім, ці доўга будуць маўчаць мясцовыя ўлады. Але чамусьці пакутуюць пакуль звычайныя дальнабойшчыкі.

Тыя дальнабойшчыкі, якія салідарныя з Аляксандрам, па яго словах, таксама не збіраюцца доўга маўчаць.

— Праз пару дзён я буду ехаць назад. Калі паўторыцца суботняя сітуацыя, я выкажу актывістам свой пратэст. І ўпэўнены, многія мяне падтрымаюць.

Але ў найбліжэйшы час на мяжы павінна быць спакойна: перакрываць дарогу актывісты не плануюць, хоць лагер канчаткова і не згортваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.