“Я вярнуўся”: Максім Знак распавёў пра першыя эмоцыі пасля вызвалення

Максім Знак

Максім Знак / Facebook

“Прывітанне, сябры! Я вярнуўся”, — з гэтых словаў пачынаецца першы публічны пост палітвязня і юрыста Максіма Знака. Ён быў затрыманы ў Мінску ў 2020 годзе і вызвалены 13 снежня ў рамах беларуска-амерыканскіх перамоваў.

Максім адразу папярэдзіў, што ў бліжэйшы час наўрадці будзе даваць публічныя каментарыі ці інтэрв’ю, але спрабуе знайсці тых, з кім ліставаў падчас побыту ў засценках. У мэтах бяспекі ён быў вымушаны знішчыць усю інфармацыю пра сваіх сяброў па ліставанні.

“Галоўнае зразумела без словаў: я тут, і гэта — шчасце. Але горыч у тым, што безліч добрых людзей застаюцца недасяжнымі, замкнёнымі. Я спрабую знайсці тых, хто пісаў і дапамагаў… і быццам бы гуляю ў нейкі жахлівы “марскі бой”: “С8?” — “Паранены…”, “В6?” — “Забіты…”. І так раз за разам, у каго ні запытайся пра асабістыя навіны апошніх гадоў. Зрэдку з палёгкай чуеш у адказ “Міма…”: “на Радзіме, усё OK”. Але межы таго, што лічыцца OK, таксама змяніліся”, — піша Знак.

Палітзняволены распавёў, што яму спатрэбіцца некаторы час на прыстасаванне ў новым месцы, і ён хоча яго як мага больш правесці разам з блікімі людзьмі.

Знак дадаў словы падзякі тым, хто падтрымліваў яго сям’ю, яго і іншых палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.