Вызначыліся ўсе магчымыя сапернікі БАТЭ ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Сярод іх — каманды з Босніі і Герцагавіны, Літвы, Латвіі, Грузіі, Македоніі, Славакіі, Казахстана.
Вызначыліся ўсе магчымыя сапернікі барысаўскага БАТЭ ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У спісе 13 каманд: "Сараева" (Боснія і Герцагавіна), "Вентспілс" (Латвія), "Дзіла" (Горы, Грузія), "Трэнчын" (Славакія), "Жальгірыс" (Вільня, Літва), "Астана" (Казахстан), "Мілсамі" (Архей, Малдова), "Рудар" (Плеўля, Чарнагорыя), "Вардар" (Скоп'е, Македонія), "Сцьярнан" (Гардабайр, Ісландыя), "Фола" (Эш, Люксембург), "Дандолк" (Ірландыя) і "Хіберніянс" (Паола, Мальта).
Як адзначае прэс-служба ФК БАТЭ, да згаданых камандаў далучацца яшчэ чатыры — тыя, што пройдуць 1-ы кваліфікацыйны раўнд. У ім будуць гуляць "Нью-Сэйнтс" (Уэльс), "Левадзія" (Эстонія), "Пюнік" (Арменія), "Санта-Калома" (Андора), "Крузейдэрс" (Паўночная Ірландыя), "Б-36" (Фарэрскія выспы), "Лінкальн" (Гібралтар) і "Фольгорэ" (Сан-Марына).
Нагадаем, лёсаванне пройдзе ў швейцарскім Ньёне 22 чэрвеня. Паядынкі 2-га кваліфікацыйнага раўнда прызначаныя на 14-15 і 21-22 ліпеня.
Летась БАТЭ ў чарговы раз трапіў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў, дзе выступіў няўдала, пацярпеўшы шэраг буйных паражэнняў.
Фота: ria.ru