Высокую рызыку лясных пажараў у Беларусі адзначылі навукоўцы Кембрыджа

Лясны пажар, ілюстрацыйнае фота

Лясны пажар, ілюстрацыйнае фота / t.me/brestlesnoi/

Высокую рызыку лясных пажараў у Беларусі адзначылі брытанскія навукоўцы. Даследаванне правяла група навукоўцаў на чале з прадстаўнікамі Кембрыджскага ўніверсітэта. Яго вынікі былі апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса Nature Communications.

Як адзначае тг-канал "Беларуская навука", даследчыкі вывучылі сітуацыю ў 17 краінах, якія даюць 50% сусветнай вытворчасці драўніны. Яны вывучылі статыстыку лясных пажараў у перыяд з 2015 па 2022 год.

Паводле навукоўцаў, Беларусь уваходзіць у топ краін, дзе рызыка пажараў на штучных плантацыях нашмат вышэйшая, чым рызыка пажараў у натуральных лясах (на графіку). Даследчыкі звязваюць гэта з тым, што плантацыі маюць нізкую разнастайнасць, часта на іх растуць адзін або два віды дрэў, якія да таго ж першапачаткова пасаджаныя ў шчыльных радах.

Таксама яны звяртаюць увагу, што ў краінах умеранага клімату плантацыі часцей пакутуюць ад лясных пажараў, чым у трапічных. Верагодна, на гэта ўплывае шчыльная, аднастайная і шчыльна звязаная лясная структура насаджэнняў.

Высокую рызыку лясных пажараў у Беларусі адзначылі навукоўцы Кембрыджа
Графік рызыкі лясных пажараў / Nature Communications

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.