Выносіў смецце: мінчуку прысудзілі 17 сутак за налепку на плоце дома

Мінчуку прысудзілі 17 сутак за налепку на плоце дома, піша ТГ-канал праваабарончага цэнтру "Вясна".
15 траўня 42-гадовы Дзмітрый Белякоўскі выйшаў з дому выкінуць смецце. Праз плот яго паклікалі супрацоўнікі міліцыі і спыталі, ці жыве ён у гэтым доме. Дзмітрый адказаў станоўча. Яму ту жа прапанавалі паехаць у РУУС. І ён паехаў у чым быў — у шортах і тапках.
Прычынай запрашэння паехаць у РУУС стала налепка на плоце дома — "Карателям тут не рады". На Дзмітрыя склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Разглядаць справу суддзя Жуковіч стала толькі 17 траўня.
Падчас суду Дзмітрый спрабаваў патлумачыць, што ў доме жыве 10 чалавек, і што налепка вісіць на плоце больш за паўгода. Хто яе наляпіў — ён не ведае. У гэты дзень справа была адпраўлена на дапрацоўку.
Яшчэ праз 2 дні, 19 траўня, суддзя Жуковіч працягнула разгляд справы Белякоўскага. Але ў матэрыялах з'явіўся яшчэ адзін пратакол — па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне міліцынтам ад 18 траўня. З-за яго Дзмітрый не выйшаў на волю пасля 72 гадзін затрымання, а застаўся на Акрэсціна. Справа зноў была адпраўлена на дапрацоўку.
І толькі 21 траўня мужчыну, нарэшце, асудзілі. Суддзю цікавіла, чаму Дзмітрый не здзіраў налепку, пакуль яна вісела на плоце: ці не азначае гэта, што яна яму падабаецца? Дарэчы, сведка-міліцыянт на судзе нічога не памятаў: ні як Дзмітрыя затрымлівалі, ні тое, ці ўключаў ён відэарэгістратар падчас затрымання.
Потым увогуле стала вядома, што ў матэрыялах справы маюцца два пратаколы затрымання з розніцай у пяць хвілін, на што адвакат хадайнічаў аб выкліку міліцыянта, які складаў пратаколы, але суддзя адмовіла і прысудзіла Дзмітрыя да 17 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.