Выканкам Крычава збірае данаты на новыя прыпынкі

Кіраўнік Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай

Кіраўнік Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай / "Крычаўскае жыццё"

Крычаўскія ўлады вырашылі сабраць грошы на новыя аўтобусныя прыпынкі праз данаты. Зварот старшыні райвыканкама Аляксея Шарая з'явіўся ў сацсетках выдання "Крычаўскае жыццё". Чыноўнік сказаў, што ў раёне працягваецца збор грошай на ўсталяванне новых прыпынкаў грамадскага транспарту і папрасіў грамадзян далучыцца.

У сваім звароце Шарай паведаміў: "На сёння сабрана каля 31 тысячы рублёў. Просьба ўсім — як грамадзянам, так і прадпрыемствам і арганізацыям — прыняць актыўны ўдзел у зборы сродкаў. Любая сума будзе вітацца".

Пад відэа апублікаваныя рэквізіты для пераводу грошай — рахунак УКПП "Камунальнік", які адказвае за ЖКГ у Крычаве і раёне. У прызначэнні плацяжу просяць пазначыць: "Дапамога на добраўпарадкаванне горада".

Многія каментатары абурыліся, што патрэбы, якія павінны фінансавацца з бюджэту, кладуцца на плечы грамадзян. 

"Я ў шоку. Я яшчэ разумею, калі маламаёмасныя бацькі адкрываюць збор для цяжкахворага дзіцяці, але кіраўнік, які адкрывае збор на прыпынку... Гэта што такое?"

"А навошта тады дзяржава падаткі збірае і кожны год новыя прыдумляе?"

"Што??? А на гэта грошай у гарадскім бюджэце хіба няма??? Гэта што, людзі павінны збіраць грошы на тое, што павінна фінансавацца горадам?"

"Нібыта, прыпынкі — гэта база, якую павінна пакрываць дзяржава з нашых падаткаў. Калі б гаворка ішла пра нейкую дадатковую дзіцячую пляцоўку або спартзалу, я б яшчэ неяк зразумеў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.