Выбух у іранскім порце: больш за 25 загінулых і сотні пацярпелых

Выбух у Іране

Выбух у Іране / Mohammad Rasoul Moradi / IRNA / AP / Scanpix / LETA

У выніку магутнага выбуху ў найбуйнейшым іранскім порце Шахід Раджаі ў горадзе Бандар-Аббас, што на поўдні краіны, загінулі не менш за 25 чалавек, паведамілі мясцовыя ўлады. Паводле ранейшых дадзеных, у выніку інцыдэнту траўмы атрымалі 1139 чалавек, шасцёра лічацца зніклымі без весткі.

У сувязі з трагедыяй у іранскай правінцыі Хармазган, дзе знаходзіцца порт, абвешчаны трохдзённы траур.

Выбух прагрымеў раніцай 26 красавіка. Прыватная кампанія Ambrey, якая займаецца ацэнкай рызык марскіх перавозак, мяркуе, што прычынай выбуху сталі кантэйнеры з кампанентамі для вытворчасці ракетнага паліва. Аднак афіцыйныя прычыны здарэння іранскія ўлады пакуль не называюць.

Раней, у студзені 2025 года, два іранскія судны з перхлааратам натрыю, які выкарыстоўваецца для атрымання аксідылятара ў цвёрдым ракетным паліве і выбухоўцы, былі адпраўлены з Кітая, піша “Медуза”. Адно з гэтых судоў знаходзілася побач з Бандар-Аббасам у сакавіку. Іран афіцыйна не пацвердзіў атрыманне грузу, але крыніцы з Financial Times і Ambrey сцвярджаюць, што Іран планаваў выкарыстаць гэты перхлоарат натрыю для папаўнення свайго запасу ракет пасля ўдараў па Ізраілі ў 2024 годзе.

Выбух у Бандар-Аббасе адбыўся ў дзень пачатку чарговага раунду перамоў паміж Іранам і ЗША ў Амане аб лёсе іранскай ядзернай праграмы. Ізраіль, пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, неаднаразова заяўляў, што перамовы з Іранам трэба праводзіць толькі пасля ваеннага ўдару па Іране. Паводле неафіцыйных дадзеных, адміністрацыя Дональда Трампа адмовілася падтрымаць ізраільскі ўдар, але Ізраіль не адмовіўся ад намераў нанясення шкоды ядзернай і ваеннай інфраструктуры Ірана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.