Выбух у Віцебску зладзіла спартоўка-чэмпіёнка Таццяна Вінакурава (відэа)

Як паведамляла Еўрарадыё, 7 красавіка жанчыну асудзілі на 4 гады і 6 месяцаў за выбух каля будынку КДБ у Віцебску. Яе прызналі вінаватай у "незаконных дзеяннях у адносінах выбуховых рэчываў" і "асабліва злосным хуліганстве". Сам выбух каля будынка УКДБ па Віцебскай вобласці адбыўся 11 лістапада 2012 года.



Як інфармуе тэлеканал АНТ, калісьці падсудная была адзінай у краіне жанчынай-матагоншчыцай. На судзе калегі ўспаміналі, што на адной руцэ яна падцягваецца 20 разоў. Апошнім часам Таццяна Вінакурава працавала паштаркай у прыгарадзе Віцебска. Яе затрымалі перад самым ад'ездам на чэмпіянат Еўропы па матакросе.



Дзяржаўны абвінаваўца Алег Антоненка кажа, што падчас следства і судовых пасяджэнняў віцяблянка адмаўляла хуліганскі матыў сваіх дзеянняў і па кожным эпізодзе яна прыводзіла довады для сваіх учынкаў. Аднак самі матывы афіцыйна не паведамляюцца.