Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд па справе аб разбоях пад Віцебскам

Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне суда Віцебскай вобласці па рэзананснай справе аб разбоі ў Бешанковіцкім і Віцебскім раёнах, паведамляе БЕЛТА.

Двое неаднаразова судзімых жыхароў пасёлка Шуміліна пазнаёміліся ў турме і пасля вызвалення ў 2014 годзе вырашылі разам працягнуць сваю крымінальную біяграфію. Мужчыны пачалі нападаць на дамы і рабаваць. Да кожнага злачынства яны грунтоўна рыхтаваліся — выкарыстоўвалі маскі, дубінкі, а потым уцякалі ў іншыя раёны, каб замесці сляды.

У іх крымінальнай справе два эпізоды — напады на сямейныя пары ў вёсцы Берасні Бешанковіцкага раёна і ў вёсцы Падлазнікі Віцебскага. Рабаўнікі білі мужчын палкамі па галаве, ад яго тыя сканалі, а жанчынам пагражалі гвалтам і пад гэтай пагрозай адбіралі ў іх грошы і каштоўныя рэчы.

Абодвух асудзілі на пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці, а таксама яны павінны выплаціць адной з пацярпелых жанчын 450 мільёнаў рублёў у якасці маральнай кампенсацыі. Такое рашэнне сёлета ў траўні вынес Віцебскі абласны суд. Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле.

Фота з архіву