Вядомы нямецкі футбаліст Кураньі можа падпісаць кантракт з брэсцкім "Дынама"

Вядомы нямецкі футбаліст Кураньі можа падпісаць кантракт з брэсцкім "Дынама"

Вядомы нямецкі футбаліст Кевін Кураньі можа падпісаць кантракт з брэсцкім "Дынама". 34-гадовы форвард ужо знаходзіцца ў камандзе і паўдзельнічаў у трэніроўцы (гл. відэа), піша сайт by.tribuna.com.

Кураньі раней выступаў за такія вядомыя клубы, як "Штутгарт", "Шальке-04", маскоўскае "Дынама". У 384 гульнях за гэтыя каманды ён забіў 161 гол. Аднак у апошнім сезоне форвард згуляў 14 матчаў за "Хофенхайм-1899" і зусім не забіў галоў. Таму не дзіўна, што летам мінулага года Кевін Кураньі застаўся без клуба. Але футбаліст вядомы, ён згуляў за зборную Германіі 52 матчы, забіў 19 галоў. Таму яго пераход у брэсцкае "Дынама" стане сенсацыяй. Нават нягледзячы на ўзрост (у сакавіку яму споўніцца ўжо 35).

Як вядома, напярэдадні новага сезону брэсцкае "Дынама" актыўна ўмацоўвае свой склад. Напрыклад, у студзені з камандай падпісаў кантракт французскі брамнік Жэрэмі Малерб. Паводле апытання газеты "Прессбол", сёлета галоўнымі канкурэнтамі БАТЭ ў чэмпіянаце заўзятары лічаць не мінскае "Дынама", а "Дынама" брэсцкае і салігорскі "Шахцёр".