Вольга Сямашка: я ўжо праходзіла паліграф

журналістка Вольга Сямашка

журналістка Вольга Сямашка / FB//olga.semashko.9

Журналістка Вольга Сямашка ўжо праходзіла праверку на паліграфе — пра гэта яна заявіла падчас эфіру ў студыі Еўрарадыё, каментуючы інфармацыю пра "пашпарт прыкрыцця" свайго мужа.

— У межах праверкі аднаго праекту, з якім я працавала, я ўжо гэта зрабіла, — кажа Вольга.

Пры гэтым Сямашка адзначае, што яна гатовая яшчэ раз прайсці паліграф.

Распавяла журналістка і пра тое, як размаўляла з мужам пасля таго, як ёй паведамілі пра інфармацыю аб "пашпарце прыкрыцця":

Зміцер Лукашук: Вы прыйшлі дадому, сказалі: дарагі каханы муж, сядай, ёсць пра што пагаварыць? Ці як?

Вольга Сямашка: Ну прыблізна так і выглядала.

З.Л. І што?

В.С. Ну мне сказалі: “Ні пра што не ведаю, паглядзім, як будзе далей развівацца сітуацыя”.

Сямашка сцвярджае, што шукала "пашпарт прыкрыцця": "Вы думаеце, я гэты пашпарт дома не спрабавала знайсці?".

Пра тое, што ў мужа Вольгі Сямашкі Фёдара Гарбачова ёсць другі пашпарт на імя Віктар Макавееў, першай паведамілі журналісты "НН". Потым "Кіберпартызаны" пацвердзілі Еўрарадыё існаванне такога дакумента ў беларускай пашпартнай базе. Сам Гарбачоў гэтую інфармацыю не каментаваў. Як тлумачыць Сямашка, у іх сям'і яна з'яўляецца публічнай асобай і таму адказвае за абодвух.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.