Візавыя санкцыі ЕС супраць Макея могуць зняць у бліжэйшы час

Цяпер па гэтым пытанні праходзяць апошнія юрыдычныя ўзгадненні. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас, перадае Polska agencja prasowa.


Пры гэтым, як паведамляе Міністэрства замежных спраў Літвы, Макей ужо 22  ліпеня зможа прыняць удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў-сябраў  “Усходняга Партнёрства” у Бруселі.



Уладзімір Макей ужо атрымліваў асабістае запрашэнне ўдзельнічаць у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Вышаградскай групы і “Усходняга партнёрства” 17 траўня ў Кракаве. Аднак тады ў Кракаў паехаў не міністр Макей, а ягоная намесніца Алена Купчына.



“Усходняе партнёрства” з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў старшынства Літвы ў Савеце ЕС у другой палове гэтага года.



Мінск разлічвае, што запрашэнне на ўдзел у саміце “Усходняга партнёрства” у Вільні ў лістападзе  будзе накіравана на імя кіраўніка дзяржавы, а беларускі бок сам вырашыць, хто будзе ўдзельнічаць ад краіны на сустрэчы.


Усходняе партнёрства — праект Еўрапейскага Саюза, скіраваны на паглыбленне адносінаў з 6 краінамі былога СССР (Беларусь, Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна).