Віленскі аэрапорт зноў зачынялі на тры гадзіны, пацярпелі 2000 пасажыраў

Віленскі аэрапорт

Віленскі аэрапорт / LRT

Амаль на тры гадзіны быў закрыты ўвечары ў чацвер Віленскі аэрапорт. Прычынай зноў сталі паветраныя шары, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі.

Ад нязручнасцяў пацярпелі каля 2000 пасажыраў, былі ўнесеныя змены ў распарадак 20 рэйсаў.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас у інтэрв'ю радыё LRT расказаў, што ў паветранай прасторы былі зафіксаваныя тры кантрабандныя метэазонды.

"У параўнанні з тым, што было на мінулым тыдні, гэта зусім няшмат. Аднак нават адзін аб'ект, які з'яўляецца на радары, небяспечны. Эксперты Oro navigacija прымаюць адпаведныя рашэнні, бо рызыкаваць у зоне ўзлёту і пасадкі самалётаў недапушчальна", — тлумачыць ён.

Зранку ў пятніцу літоўскія памежнікі паведамілі, што два аэрастаты з цыгарэтамі былі выяўленыя мінулым вечарам у Варэнскім раёне, а адзін шар у той жа вечар знайшлі паліцыянты ў Вільні.

На гэтым тыдні гэта першы выпадак, калі Літва была вымушаная закрываць аэрапорт праз шары з кантрабандай. На мінулым тыдні такая сітуацыя паўтаралася чатыры разы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.