Віктар Бабарыка — у судзе

Віктар Бабарыка / БЕЛТА
Віктар Бабарыка / БЕЛТА

Вярхоўны суд пачынае разглядаць справу "Белгазпрамбанка". Сярод абвінавачаных і экс-кіраўнік банка Віктар Бабарыка. Ён не стаў заключаць угоду са следствам і сваёй віны не прызнае. 

Разглядаць справу будуць у будынку суда Маскоўскага раёна. На відэа, якое з'явілася ў сеціве, Бабарыку заводзяць у клетку для абвінавачаных. Увесь гэты час ён трымае рукі за спінай: і калі заходзіць, і калі садзіцца на лаўку, і нават калі сядзіць.

Крымінальная справа ў дачыненні да топ-менеджараў "Белгазпрамбанка" была распачатая ў чэрвені 2020 года пасля рашэння экс-кіраўніка ўстановы Віктара Бабарыкі балатавацца ў прэзідэнты. У справе 8 фігурантаў. Сем з іх да суда знаходзіліся пад вартай, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам.

Раней паведамлялася, што экс-старшыню праўлення "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыку абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і "адмыванне" грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры).

Топ-менеджараў банка Сяргея Шабана, Аляксандра Ільясюка, Кірыла Бадзея, Дзмітрыя Кузьміча, Аляксея Задойку і Сяргея Дабралета абвінавачваюць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 430 КК).

Заснавальніка ТАА "Актыўлізінг" Віктара Кабяка абвінавачваюць у даванні хабару ў буйным памеры (ч.2 арт. 431 КК).

Напярэдадні Вярхоўны суд казаў, што працэс будзе адкрыты. Але на пасяджэнне акрэдытавалі толькі праўладныя і расійскія выданні. Перад пачаткам пасяджэння да будынка суда выстраілася велізарная чарга з ахвочых трапіць на працэс. Як паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, "з тэлефонам і планшэтам у залу не пускаюць. Тэхніку трэба здаць на ўваходзе".