Выкладчыцу Гомельскага медуніверсітэта асудзілі па шасці палітычных артыкулах

Галіна Латугоўская

Галіна Латугоўская / фота з яе акаўнту ў Фэйсбуку

Гомельскую выкладчыцу Галіну Латугоўскую асудзілі на пазбаўленне волі, абвінаваціўшы па шасці палітычных артыкулах. Дакладны прысуд невядомы, але жанчыне пагражала да сямі гадоў калоніі, піша "Наша Ніва".

Галіне Латугоўскай 47 гадоў. Яна гамяльчанка. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала выкладчыцай. Апошнія гады Латугоўская працавала на кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Таксама яна выкладала на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі — рыхтавала людзей да паступлення ў ВНУ.

Затрымалі выкладчыцу пад канец кастрычніка ці на пачатку лістапада 2024 года. Жанчыну знайшлі па акаўнце ў Тэлеграме, зарэгістраваным на яе ўласны нумар. У нейкі момант яна нават паставіла туды ў якасці выявы ўласнае фота, хоць раней напісала з акаўнту шмат каментароў.

Латугоўскай выставілі абвінавачанне па наступных артыкулах: "уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання" (ч. 3 арт. 361‑1 КК), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4), "паклёп на Лукашэнку" (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК), "абраза Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК), "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і "дыскрэдытацыя Беларусі" (арт. 369‑1 КК).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.