Зампаліта памежнай заставы з Хойнікаў асудзілі па "справе Гаюна"
Артур Сыракваша / "Хойніцкія навіны"
Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе 31‑гадовага жыхара Хойнікаў Артура Сыраквашы. Ён служыў намеснікам начальніка памежнай заставы "Хойнікі", створанай у 2020 годзе, быў сакратаром мясцовага БРСМ.
Маладога чалавека судзілі па "справе Гаюна" і абвінавацілі ў "дапамаганні экстрэмісцкай дзенасці" (ч. 1 і ч. 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса), піша "Наша Ніва".
У анкеце Сыраквашы "Вконтакте" пазначана, што ён родам з Мінска, закончыў БДУ. У канцы 2010‑х ён быў у складзе ўчастковай камісіі на мясцовых выбарах у Лоеве, дзе тады служыў.
У міліцэйскай базе "экстрэмістаў" пазначана, што Сыракваша "адбывае пакаранне". Гэта значыць, што ён атрымаў ці калонію, ці "хімію" з накіраванне. Як адзначае выданне, сілавікам, затрыманым па "справе Гаюна", часцей за ўсё прысуджаюць менавіта калонію.
"Беларускі Гаюн" — маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. У лютым 2025-га сілавікі атрымалі доступ да баз "Гаюна", пасля чаго па ўсёй краіне пачаліся затрыманні людзей, якія дасылалі інфармацыю. Найбольшая колькасць прыпала на Гомельшчыну, праз якую на Украіну рухаліся расійскія войскі.