Рэдактара сайта s13 Сяргея Чабоцьку асудзілі на 3,5 года

Сяргей Чабоцька

Сяргей Чабоцька / facebook.com/sergej.chabotko

Тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 42 тысячы рублёў (болш за 14 тысяч долараў, 1000 базавых) — такі прысуд вынес Гродзенскі абласны суд рэдактару гарадскога партала s13.ru Сяргею Чабоцьку.

31 кастрычніка суддзя Юрый Казакевіч прызнаў Чабоцьку вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў — арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і арт. 367 КК РБ (паклёп на Лукашэнку), паведамляе прэс-служба БАЖ.

Сяргей Чабоцька на судзе сваю віну не прызнаў.

Да суда ўладальнік гродзенскага навінавага партала правёў за кратамі больш за год. Яго затрымалі 23 кастрычніка 2024 года і тройчы прысуджалі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а потым пачалі крымінальную справу. Пасля затрымання Чабоцькі сайт і сацсеткі выдання s13.ru перасталі абнаўляцца. Неўзабаве і сайт, і лагатып, і сацсеткі выдання прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўнеслі ў адпаведны спіс.

Адпаведна, Гродзенскі блог s13.ru і стаў тым "экстрэмісцкім фармаваннем", за якое асудзілі Чабоцьку.

Партал s13.ru з’явіўся ў 2005 годзе і спярша працаваў як блог. Пазней сайт ператварыўся ў агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але шмат гадоў ён быў адным з самых папулярных у Гродне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.