Асудзілі экс-выкладчыка Вайсковай акадэміі, які падтрымаў народ у 2020-м

Фёдар Кандыранда пасля звальнення

Фёдар Кандыранда пасля звальнення / архіў Фёдара Кандыранды

Два з паловай гады калоніі прысудзілі былому выкладчыку вайсковай акадэміі Фёдару Кандыранду. У 2020-м, як расказвала Еўрарадыё, падпалкоўнік адкрыта выступіў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

Мужчыну арыштавалі ў сакавіку 2025-га, а ў верасні вынеслі прысуд — нібыта за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). У чым менавіта абвінавацілі Кандыранду — невядома. Але праваабаронцы мяркуюць, што гэты суд можа быць звязаны са "справай Гаюна", піша "Наша Ніва".

Фёдару Кандыранду 47 гадоў. Ён вучыўся ў Вайсковай акадэміі, якую скончыў у 1999-м. У мужчыны ёсць жонка і 17‑гадовая дачка.

Ад жніўня 2008-га па кастрычнік 2020-га Кандыранда працаваў старшым выкладчыкам Вайсковай акадэміі. Разам з калегамі распрацаваў электронны навучальна‑метадычны комплекс "Асновы міратворчай дзейнасці". Таксама ён пісаў падручнікі і адміністраваў адукацыйныя рэсурсы.

У жніўні 2020-га Кандыранда адкрыта выступіў на баку народа. У акадэміі адмовіліся звальняць яго па згодзе бакоў. У выніку канфлікту з кіраўніцтвам яго звольнілі па артыкуле. Фёдар застаўся вінен установе каля 2000 долараў.

У траўні 2021-га Кандыранду пазбавілі звання падпалкоўніка запасу асабістым указам Лукашэнкі ў ліку яшчэ 80 сілавікоў.

Пасля звальнення ён пайшоў працаваць у IT-сферу. Дакладнае месца яго працы невядомае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.