Віктар Бабарыка не зможа абскардзіць прысуд — адвакат

Віктар Бабарыка / Еўрарадыё
Віктар Бабарыка / Еўрарадыё

Віктар Бабарыка і ягоная абарона не змогуць абскардзіць прысуд, разгляд справы пройдзе ў Вярхоўным Судзе, пра гэта паведаміў адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Раней абарона звярталася ў Вярхоўны суд, куды паступіла "справа Белгазпрамбанка". Адвакаты прасілі аб пераносе разгляду справы ў ніжэйстаячы суд, каб у іх заставалася магчымасць пры неабходнасці падаць апеляцыю.

"Увечары 28.01.2021 нас афіцыйна апавясцілі, што Вярхоўны Суд будзе разглядаць справу сам. У праве на апеляцыйнае абскарджанне прысуду Віктару Бабарыка адмоўлена", —  напісаў Лаеўскі.

Ён зноў нагадаў, што "права на апеляцыйнае абскарджанне прысуду — гэта тое, без чаго немагчымы справядлівы суд", а апеляцыйнай інстанцыі над Вярхоўным Судом няма.

Раней адвакаты казалі, што такія справы можа разглядаць як у раённы, так і  Мінскі гарадскі суд.

Аб тым, што справа "Белгазпрамбанка" перададзена з Генпракуратуры ў Вярхоўны суд стала вядома 21 студзеня. Экс-старшыню праўлення "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыка абвінавачваюць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры. Таксама па гэтай справе праходзіць шэраг топ-мэнэджараў банка.

Ператрусы ў банку і затрыманні топ-менеджэраў пачаліся пасля таго, як Віктар Бабарыка заявіў аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Да 18 чэрвеня, калі ён быў затрыманы, за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты былі сабраныя рэкордныя для альтэрнатыўных прэтэндэнтаў 425 тысяч подпісаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.