Відэа тарану "залатой моладдзю" на хуткасці 200 км/г машыны ДАІ
Патрульны аўтамабіль узляцеў у паветра і зваліўся на дах. На шчасце, людзі сур'ёзна не пацярпелі.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў Слонімскім раёне ў снежні. Тады ж былі апублікаваныя фотаздымкі разбітых аўтамабіляў. Відэа з рэгістратара аўтамабіля ДАІ з'явілася на Youtube.com толькі ўчора.
Нагадаем, машына ДАІ ехала ў бок Слоніма сярод іншых аўтамабіляў, калі на вялізнай хуткасці яе пратараніла "Аўдзі А8". Ад удара ззаду патрульны аўтамабіль "адарвала" ад зямлі, ён праляцеў некалькі метраў і апынуўся на даху ў кювеце. На шчасце, супрацоўнікі ДАІ сур'ёзна не пацярпелі.
"Аўдзі", якая атрымала значныя пашкоджанні, з'ехала ў бок Слоніма. Па трывозе быў падняты ўвесь асабовы склад мясцовай Дзяржаўтаінспекцыі. А 5-й гадзіне раніцы віноўніка аварыі і пасажыра, які быў разам з ім, знайшлі ў прыдарожнай кавярні. Хлопцы распівалі алкагольныя напоі.
Прадстаўнікі "залатой моладзі" Слоніма, работнікі аднаго з самых паспяховых мясцовых прадпрыемстваў, спачатку рабілі выгляд, што не разумеюць, чаму іх затрымалі. Але пазней яны прызналі сваю віну, паведамілі, што на момант аварыі ехалі з хуткасцю 200 кіламетраў за гадзіну.
Фота, відэа — gaigrodno.by