Віцебскім медыкам пасля выступу з відэазваротам пагражаюць крымінальнай справай
Кадр з відэазвароту медыкаў
Віцебскім медыкам, запісаўшым смелы відэазварот да ўладаў і народа, сталі прыходзіць позвы ў пракуратуру, піша TUT.by.
— Два дні мы хадзілі ў пракуратуру. З намі праводзілі гутарку і давалі падпісаць папярэджанне пра "недапушчальнасць падрыхтоўкі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў", — паведамілі парталу лекары.
На думку пракуратуры, у роліку, запісаным дактарамі, "змяшчаюцца недакладныя звесткі аб прававым становішчы" беларусаў, якія "дыскрэдытуюць краіну і яе органы ўлады". А бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", пад якімі запісаны зварот, — "сімвалы, якія не з'яўляюцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам сімваламі Рэспублікі Беларусь".
Падобныя дзеянні, лічыць пракуратура, "парушаюць палажэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, Закона аб СМІ і з'яўляюцца недапушчальнымі".
У папярэджанні, якое давялося падпісаць медыкам, гаворыцца, што калі яны і надалей збіраюцца публічна выкарыстоўваць "непацверджаныя звесткі", якія могуць сфарміраваць у людзей "негатыўнае стаўленне да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне", ім можа пагражаць крымінальная адказнасць па артыкулах КК: ч.1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак), ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 2 арт. 188 (паклёп).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.