Ва ўрадзе пакуль не пацвярджаюць, што Мясніковіч паедзе ў Прагу
У красавіку там пройдзе сустрэча на вышэйшым узроўні краін — удзельніц "Усходняга партнёрства".
14 лютага ўкраінскія СМІ са спасылкай на чэшскія крыніцы паведамілі, што 23-24 красавіка Прагу наведае прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, які возьме ўдзел у саміце, прысвечаным праграме "Усходняе партнёрства". У саміце таксама возьмуць удзел прэзідэнты Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, прэм'ер-міністр Беларусі, прадстаўнікі кіраўніцтва Еўрасаюза, Швецыі, Польшчы, як ініцыятараў "Усходняга партнёрства", і Грэцыі, якая старшынствуе ў ЕС.
"На гэты момант такую інфармацыю не пацвярджаю. У планах у нас пакуль нічога не стаіць", — заявіла БелаПАН прэс-сакратар кіраўніка ўрада Вольга Доўгая.
"Усходняе партнёрства" — ініцыятыва Еўрасаюза, скіраваная на шэсць краін Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа: Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. Праграма была заснавана краінамі — членамі ЕС і шасцю партнёрскімі дзяржавамі на першым саміце "Усходняга партнёрства", які прайшоў у Празе ў траўні 2009 года. Ініцыятыва скіраваная на ўмацаванне адносінаў паміж ЕС і яго ўсходнімі суседзямі за кошт паглыблення палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.
Фота — bymedia.net