Узарваныя масты і пазіцыйныя баі — 111-я раніца вайны ва Украіне
Украінскія вайскоўцы на амерыканскіх самаходных гаўбіцах у Данецкай вобласці / Reuters
У Севераданецку сітуацыя вельмі абвостраная, расіяне знішчаюць шматпавярхоўкі і прадпрыемства "Азот", піша раніцай у аўторак кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Па яго словах, "штурм горада працягваецца ўжо суткі запар... Штодня становіцца вядома пра загінулых, да якіх праз шчыльнасць абстрэлаў цяжка дабрацца". Актыўныя баявыя дзеянні ў Луганскай вобласці ўчора таксама ішлі і на іншых кірунках.
Гайдай адзначае, што на дапамогу праціўніку падышлі яшчэ дзве батальённыя тактычныя групы. Расіяне спрабуюць атачыць украінскія падраздзяленні ў раёне населеных пунктаў Лісічанск, Прыволле, Севераданецк, Бароўскае.
У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны лічаць, што расійскім войскам удалося выцеснілі ўкраінскіх вайскоўцаў з цэнтра Севераданецка. Расіяне разбурылі апошні мост з Севераданецка ў Лісічанск. Гайдай раніцай пацвердзіў: так, масты разбураныя, але шляхі зносін з горадам усё яшчэ існуюць.
Пакуль не атрымліваецца ў расійскіх ваенных перарэзаць дарогі ў раёне Папаснай і Бахмута, таксама лічаць у Інстытуце вывучэння вайны. Расіяне атакавалі гэтыя наземныя шляхі, але беспаспяхова. Наступ да паўднёвы ўсход ад Ізюма і на поўначы ад Славянска таксама не прынесла ім поспехаў. У Інстытуце адзначаюць, што РФ, верагодна, стварае ўмовы для штурму Северска і ўкраінскіх наземных ліній сувязі на Лісічанск.
Працягваюцца баі і на паўночным захадзе Херсонскай вобласці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце заявіў, што ўкраінскія войскі падчас контрнаступлення ў Херсонскай вобласці вызвалілі частку грамад. Гэта значыць наступ расіян на поўдні Украіны, робіць выснову ўкраінскі прэзідэнт, спынены. Зяленскі таксама адзначыў, што ўсяго з 24 лютага было вызвалена больш за тысячу населеных пунктаў.
"У баях на Данбасе — а яны дакладна ўвойдуць у вайсковую гісторыю як адна з самых жорсткіх бітваў у Еўропе і за Еўропу,— украінскае войска і наша выведка тактычна ўсё ж перагульваюць расійскіх вайскоўцаў. І гэта нягледзячы на значную перавагу расіян у колькасці тэхнікі, а асабліва — у артылерыйскіх сістэмах", — так ацэньвае сітуацыю Зяленскі.
Расійскія рэгіянальныя тэлеграм-каналы раніцай у аўторак пішуць пра выбух ў Бранскай вобласці — у горадзе Клінцы. "Снарад закрануў частку ваеннай базы і частка жылога комплексу. Пацярпелыя ёсць, у адной жанчыны, якая знаходзіліся ў гэты момант у сябе ў двары, адарвала нагу, у большасці павыляталі вокны", паведамляе рэсурс "Падслухана Клінцы".
Захоўваецца інтрыга з прыездам у Кіеў канцлера Германіі Олафа Шольца. Напярэдадні ў яго наўпрост спыталі, ці прыедзе ён разам са сваімі калегамі з Францыі і Італіі ва Украіну. Шольц адмовіўся гаварыць. Аб гэтым піша AP. Няма яснасці і аб планах прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона — пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на заяву Елісейскага палаца. Пра магчымасць такога візіту раней пісала італьянская газета La Stampa. Яна сцвярджала, што Шольц, Макрон і прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі плануюць наведаць Кіеў 16 чэрвеня — за дзень да таго, як Еўракамісія павінна даць сваё заключэнне аб прадастаўленні Украіне статусу кандыдата ў члены ЕС.
Тым часам з'явілася інфармацыя, што Еўракамісія будзе настойваць на прадастаўленні Украіне гэтага статусу. Пра гэта піша амерыканскае выданне Politico са спасылкай на інфармаваную крыніцу. Пры гэтым выданне нагадвае, што канчатковае рашэнне застаецца за Еўрасаветам. Раней улады Украіны неаднаразова падкрэслівалі, што гэты статус забяспечыў бы "бясцэнны маральны ўздым падчас вайны".
ЗША штомесяц будуць накіроўваць Украіне 1,5 мільярда долараў для падтрымкі працы ўкраінскага ўрада. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў ЗША Дэрэк Хоган. Акрамя таго, у амерыканскім Мінабароны зноў пацвердзілі, што маюць намер разам з саюзнікамі прадаставіць Украіне ўсё неабходнае ўзбраенне. Пра гэта заявіў кіраўнік Пентагона Лойд Осцін падчас візіту ў Тайланд. Журналісты нагадалі яму пра словы дарадцы кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіла Падаляка — той казаў, што ўкраінскай арміі патрэбныя да 1000 гаўбіц і 300 РСЗА.
"ЗША гатовыя даць усё і дапамагчы Украіне дасягнуць поспеху... У нас таксама ёсць партнёры з усяго свету, якія гатовыя рэальна дапамагчы Украіне", — сказаў кіраўнік Пентагона. І дадаў, што ЗША і партнёры працягнуць прыкладаць намаганні, каб у самыя кароткія тэрміны даставіць ва Украіну як мага больш падтрымкі.