Урад узяў пад кантроль цэны на мяса, малако і кандытарскія вырабы

Мяса, ілюстрацыйнае фота

Мяса, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускі ўрад узяў на асаблівы кантроль цэнаўтварэнне на мяса-малочную прадукцыю і кандытарскія вырабы. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамляе прэс-служба Саўміна.

Ва ўрадзе нагадалі, што ў красавіку 2025 года вытворцы атрымалі права самастойна павышаць адпускныя цэны. "Вытворцы, у якіх была неабходнасць палепшыць сваё фінансавае становішча, гэтым правам скарысталіся", — канстатуе прэс-служба Саўміна.

Кантроль за цэнамі на мяса-малочную прадукцыю і кандытарскія вырабы ўводзяццца з 20 чэрвеня. Прычынай называецца "недапушчэнне спекуляцыйнага і неабгрунтаванага росту цэн". Цяпер для павышэння цэн на гэтыя тавары звыш 0,3% у месяц неабходна абгрунтаваць камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры ўрадзе.

"Пры гэтым на кантроль узятыя цэны па ўсім ланцужку: ад сельскагаспадарчага вытворцы да розніцы. Абгрунтаваць названай камісіі зараз неабходна таксама павышэнне коштаў на малако-сыравіну, свіней, буйную рагатую жывёлу, якія пастаўляюцца для перапрацоўкі. У розніцы працягваюць дзейнічаць гранічныя надбаўкі", — дадаюць ва ўрадзе.

У траўні гадавая інфляцыя ў Беларусі паскорылася да 7,1%. Больш за ўсё павялічыліся цэны на прадукты — на 9,6%.

Між тым на 2025 год улады Беларусі запланавалі інфляцыю на ўзроўні да 5%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.