Улады ФРГ адмовіліся фінансаваць Форум гістарычных даследаванняў Беларусі

Германія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Федэральнае міністэрства замежных спраў Германіі не плануе працягваць фінансаванне ў 2026 годзе. Пра гэта паведаміла ў сваёй заяве Нямецкае таварыства па вывучэнні Усходняй Еўропы.
Чальцы таварыства крытыкуюць гэтае рашэнне. "У Беларусі рэжым выкарыстоўвае гісторыю як інструмент для легітымацыі аўтарытарнай улады, а крытычныя даследаванні крыміналізуюцца з дапамогай такіх законаў, як закон аб генацыдзе беларускага народа. Асабліва гэта датычыць гісторыі Другой сусветнай вайны, якая выкарыстоўваецца для фармавання варожага вобразу Захаду. Такая гістарычная палітыка адкрывае шлях і для расейскіх гістарычных наратываў, якія ставяць пад сумнеў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі і еўрапейскі парадак", — гаворыцца ў дакуменце, які цытуе выданне "Позірк".
Таварыства падкрэслівае, што гісторыкам, якія супрацьстаяць гэтым наратывам, пагражаюць рэпрэсіі, у тым ліку шматгадовыя турэмныя тэрміны. Незалежныя даследаванні ў Беларусі сёння практычныа немагчымыя праз палітычны кантроль над навукай і адукацыяй, а таксама атмасферу страху, якую стварае рэжым Лукашэнкі.
"Многія даследчыцы і даследчыкі былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі і цяпер жывуць у выгнанні. За свае выказванні і палітычную аналітыку многія з іх былі завочна асуджаныя на вялікія тэрміны зняволення", — адзначаюць аўтары заявы.
Паводле іх, Форум гістарычных даследаванняў Беларусі на сёння з'яўляецца важнай пляцоўкай для інтэграцыі ў еўрапейскай акадэмічнай прасторы: "Нягледзячы на цяжкія палітычныя ўмовы, у Форуму з моманту яго стварэння атрымліваецца падтрымліваць кантакт з незалежнымі гісторыкамі ў Беларусі, даваць голас крытычным даследчыкам і даследчыкам, а таксама падтрымліваць рэпрэсаваных навукоўцаў".
У таварыстве мяркуюць, што спыненне дзейнасці форуму "стане фатальным сігналам для беларускай навуковай супольнасці".
Форум гістарычных даследаванняў Беларусі быў заснаваны ў 2022 годзе і фінансаваўся нямецкай службай акадэмічных абменаў (DAAD) пры падтрымцы МЗС ФРГ. Стварылі яго на аснове беларуска-нямецкай гістарычнай камісіі, якая дзейнічала з 2020 года з ініцыятывы федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера. Праца камісіі была спыненая ў 2021 годзе ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.