Яшчэ да сённяшніх абмежаванняў Еўрарадыё задавала прэс-службе "Украінскай чыгункі" пытанне пра тое, ці могуць іншыя кампаніі быць грузаадпраўшчыкамі беларускага калію. Там ад адказу ўхіліліся:
— Інфармацыяй пра іншыя кампаніі, якія з'яўляюцца грузаадпраўшчыкамі мінеральных угнаенняў, якія транспартуюцца па тэрыторыі Украіны, “Украінская чыгунка” не валодае.
Што з перавозкай калію ва ўкраінскія порты?
Акрамя таго, абмежаванні абыходзяць перавозкі беларускага калію ў порт Мікалаева, які беларускі бок імкнецца выкарыстоўваць замест Клайпеды. Так угнаенні з “Беларуськалія” могуць трапіць у Індыю. Пастаўкі ў гэтую краіну — асноўная лагістычная праблема, якую сёння вырашаюць беларускія ўлады.
Аднак з портам Мікалаева ў беларускага боку есть праблемы. У самім порце Еўрарадыё сказалі, што раней працавалі з "Беларуськаліем", але больш не працуюць:
— Адбыўся шэраг зменаў.
Ад далейшых каментароў там ухіліліся. Гэты адказ можа азначаць як спыненне транзіту, так і тое, што цяпер порт працуе не наўпрост з "Беларуськаліем", а, ізноў жа, праз фірмы-пракладкі.
Прадстаўнік “Украінскай чыгункі” да прыняцця рашэння аб абмежаванні транзіту не стаў хаваць, што ніякіх зменаў у плане перавозак калію ў іх не было. І ўгнаенні з “Беларуськалія” яны працягвалі вазіць.
— Ідуць яны традыцыйна да партоў, да Чорнага мора.
Па звестках "Украінскай чыгункі", у 2021 годзе сярэднямесячныя аб'ёмы транзіту мінеральных угнаенняў склалі 28 тысяч тон, а імпарт ва Украіну — 16,5 тысячы тон. У студзені 2022 года транзіт угнаенняў, грузаадпраўшчыкам якіх пазначаны “Беларуськалій”, склаў 18,8 тысячы тон і 2,6 тысячы тон — імпарт.
З 1 лютага вазіць беларускія калійныя ўгнаенні ў порт Клайпеды адмовілася “Літоўская чыгунка”. Урад Беларусі збіраўся дамовіцца на транзіт праз Расію.