У жлобінскі "механізаваны атрад" дагэтуль шукаюць "байцоў"

Новыя трактары / t.me/zlobin_21/
У жлобінскі "механізаваны атрад" дагэтуль шукаюць "байцоў". Новую тэхніку атрымалі (дзясяткі адзінак), а кіроўцаў і трактарыстаў не хапае. Дагэтуль рэгулярна публікуюцца аб'явы пра іх пошук, прапануецца заробак "ад 3000 рублёў".
Асноўным месцам базавання "мехатрада" на Жлобіншчыне стаў мехдвор у вёсцы Новыя Лукі. Туды возяць працаўнікоў са Жлобіна і Рагачова.
Аляксандр Лукашэнка "даручыў" у 2025 годзе стварыць "механізаваныя атрады" ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Толькі на Гомельшчыне іх павінна быць пяць. "Даручэнне" трэба выканаць да пачатку вясновых палявых работ. Яшчэ ў канцы мінулага года кіраўніцтва Жлобінскага раёна прызналася, што не ўяўляе, як забяспечыць "механізаваны атрад" кадрамі (былі патрэбныя "не менш за 40 механізатараў, прыкладна столькі ж кіроўцаў"). Спадзяванні былі на гараджан і тых, "хто з'язджае на заробкі ў Расію". Разглядаўся нават варыянт дастаўкі механізатараў і кіроўцаў з іншых раёнаў вобласці, каб яны працавалі вахтавым метадам.
У пачатку студзеня ў "атрад" удалося набраць некалькі чалавек. Наколькі ён укамплектаваны на цяперашні час, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.