У вытворцы абутку "Белвест" — запазычанасці амаль на 33 млн рублёў

У краме "Белвеста" / "Белвест"
У складанай эканамічнай сітуацыі апынулася кампанія "Белвест" — буйны беларускі вытворца абутку. Запазычанасць прадпрыемства амаль дасягнула 33 мільёны рублёў, заўважыла выданне "Зеркало".
19 чэрвеня кіраўніцтва "Белвеста" правяло сустрэчу з працоўным калектывам. На ёй прысутнічаў і старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў. У прафсаюзе "Белвеста" кажуць, што на сустрэчы абмяркоўвалася складаная эканамічная сітуацыя, у якой аказалася прадпрыемства. "Генеральны дырэктар растлумачыў прычыны пераносу адпачынку, магчымасці і тэрміны выплаты заработнай платы і адпускных", — удакладняе прафсаюз.
У 2024 годзе на заводзе працавала 2150 чалавек. У 2023-м іх было 2282, а ў 2022-м — 2196. Цяпер на фабрыцы існуе каля 60 вакансій — ад эканамістаў і інжынераў да прадаўцоў.
У прафсаюзе адзначаюць адток персаналу і падзенне іміджу прадпрыемства. Таму калектыў "Белвеста" звярнуўся да гарадскіх уладаў з просьбай "паскорыць працэс прыняцця рашэнняў і тым самым забяспечыць магчымасць захавання прадпрыемства". Чыноўнікі заявілі, што ў іх ужо ёсць план вываду прадпрыемства з цяперашняй сітуацыі.
Агульная сума запазычанасцяў "Белвеста" складае 32 млн 965 тысяч рублёў. Напрыклад, Брэсцкі панчошны камбінат спрабуе спагнаць з фабрыкі 840,5 тысячы рублёў, Белаграпрамбанк — больш за 18 млн рублёў, Галоўнае ўпраўленне Мінфіна па Віцебскай вобласці — амаль 2,8 млн рублёў.
У сваю чаргу, іншыя кампаніі завінаваціліся "Белвесту" амаль 1,9 млн рублёў.
Тым часам сёлета ў траўні ўпраўленне прымусовага выканання Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама забараніў ліквідацыйныя дзеянні для кампаніі "Белвест". Такія ж меры прынятыя і для кампаніі "Група Белвест", якой належыць 55% акцый вытворцы абутку.
Паводле звестак сэрвісу kartoteka.by, у 2024 годзе "Белвест" адпрацаваў з чыстай стратай, якая перавысіла 1 млн рублёў.
На інфалініі "Белвеста" журналісту "Зеркала" як пакупніку сказалі, што прадпрыемства сышло на летні адпачынак. Маўляў, гэта бывае кожны год.
Ва ўпраўленні эканомікі Віцебскага гарвыканкама заявілі, што вытворчы адпачынак на "Белвесце" працягнецца да ліпеня: "На прадпрыемстве гэта стандартная працэдура, гэта вытворчы адпачынак, яны раз на год гэта практыкуюць. Таму не хвалюйцеся".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.