У возеры пад Мінскам загінула рыба

Мёртвая рыба / pristalica.by
У возеры каля вёскі Тарасава пад Мінскам гіне рыба. Відэа з заморам рыбы набрала ў TikTok больш за 30 тысяч праглядаў.
На сітуацыю адрэагавала газета Мінскага раёна "Прысталічча". Яна адзначыла, што пах ад мёртвай рыбы ў вадаёме "распаўсюджваецца за некалькі соцень метраў".
Карыстальнікам участка зямлі лічыцца агракамбінат "Ждановічы". У сувязі з морам рыбы была арганізаваная камісія з прадстаўнікоў Ждановіцкага сельвыканкама, раённай прыродааховы і ветстанцыі.
Намеснік дырэктара агракамбіната Аляксей Пятруша ў каментары журналістам заявіў, што мор рыбы ў вадаёмах звычайна здараецца падчас чэрвеньскай спякоты: "Сёлета цёплае надвор'е ўсталявалася крыху пазней, і адбылася аналагічная сітуацыя. У адрас нашага прадпрыемства быў накіраваны ліст Мінскага райвыканкама з даручэннем аб ачыстцы вадаёма і ўтылізацыі рыбы ў адпаведнасці з нормамі і правіламі. Работнікі нашага прадпрыемства ўжо выехалі на месца і праводзяць працу па выманні рыбы з вадаёма".
Звычайна падчас спякоты ў вадзе зніжаецца канцэнтрацыя кіслароду, што і прыводзіць да замору рыбы.
У Мінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прычыну здарэнне называць не спяшаюцца. Спецыялісты ўзялі пробы вады. Вынікі лабараторных экспертыз стануць вядомыя праз некалькі тыдняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.