Помнік прыроды рэспубліканскага значэння знік у Вілейцы
Валун "Любецкі" / Мінпрыроды
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы наваколля спыніла функцыянаванне геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння "Валун "Любецкі". Адпаведная пастанова з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Такое рашэнне ў ведамстве абгрунтавалі "стратай каштоўнага прыроднага аб’екту, у мэтах захавання якога ён аб’яўляўся".
Валун абвясцілі геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння ў 2007 годзе.
Гэта шэры граніт памерам 2х1,7 метра і вышынёй 1,35 м. У яго была адшліфаваная паверхня і характэрныя ямкі, што магло сведчыць пра яго культавае выкарыстанне ў даўніну, адзначае тг-канал "Спадчына". Знайшлі камень у 1997 годзе даследчыкі Валерый Вінакураў і Аляксандр Зайцаў каля вёскі Любкі. Пазней яго перавезлі ў Вілейку і ўсталявалі на вуліцы Валынца каля мэблевай фабрыкі.
Якім чынам можна было "страціць" валун такога памеру, не паведамляецца. Яшчэ на пачатку кастрычніка, як адзначае "Спадчына", камяніска быў на месцы: "Нават калі б разбілі ў пачатку кастрычніка, ведаючы тэмпы беларускай бюракратыі, адрэагавалі б, мабыць, толькі ў наступным годзе. Камусьці замінаў? Адкуль такая хуткасць?"
Агулам на тэрыторыі Беларусі выявілі больш за 500 валуноў са старажытнымі рукатворнымі паглыбленнямі, якія лічацца культавымі.