У Вільні парушэнні правілаў дарожнага руху будуць фіксаваць камеры на аўтобусах

Камеры відэафіксацыі, якія знаходзяцца на скрыжаваннях Вільні, з наступнага года гарадскія ўлады плануюць выкарыстоўваць не толькі для рэгулявання руху, але і для фіксавання парушэнняў, пра якія будуць паведамляць у паліцыю, а тая будзе прызначаць штрафы. Пра гэта заявіў мэр літоўскай сталіцы Рэмігіюс Шымашус, наведваючы цэнтр кіравання рухам горада.
Для фіксавання парушэнняў на дарогах будуць выкарыстоўвацца і знешнія камеры на грамадскім транспарце.
“Мы хочам, каб унутры аўтобусаў і тралейбусаў, якія курсіруюць па маршрутах з найвялікшаю колькасцю інцыдэнтаў, былі камеры. Таксама відэарэгістратары, што знаходзяцца звонку грамадскага транспарту, можна будзе выкарыстоўваць для прызначэння штрафаў паліцыяй. Калі перад аўтобусам з такой камерай вылезе аўтамабіль або перакрые яму магчымасць выехаць на скрыжаванне, гэта не будзе фармальным парушэннем, гэта будзе мець наступствы”, — цытуе словы Шымашуса літоўскі партал DELFI.
Для тых беларусаў, якія наведваюць Літву на аўтамабілі, нагадаем, што ў лістападзе змяняюцца правілы дарожнага руху.
З 10 лістапада да 31 сакавіка забаронена эксплуатаваць летнія пакрышкі. Змяняецца і максімальна дапушчальная хуткасць пры руху на легкавых аўтамабілях і матацыклах. З лістапада па 31 сакавіка яна не павінна перавышаць 110 км/г на аўтамагістралях і шашах (да гэтага дазвалялася 120-130 км/г), а на дарогах з асфальтавым і бетонным пакрыццём — 90 км/г, на іншых дарогах — 70 км/г.
Фота: obzor.lt