У Віцебску судзілі мужчыну за каментары, якія ён пакінуў, калі быў у Германіі
"Пацярпелі" трое афіцэраў міліцыі (ілюстрацыйнае фота) / zara.by
У Віцебску судзілі мужчыну за каментары, якія ён пакінуў у Telegram-чаце у жніўні-верасні 2021 года, калі быў у Германіі. Яго прызналі вінаватым у "абразе" траіх міліцыянераў. Прысуд — паўтара года калоніі агульнага рэжыму і штраф — 4000 рублёў.
Справу разглядаў суд Першамайскага раёна горада Віцебска (суддзя — Міхаіл Юрчанка). Ён не называе прозвішча асуджанага. Але высветлілася, што гэта Дзмітрый Палякоў. Восенню мінулага года яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за "здзяйсненне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і захоўванне інфармацынай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
На карысць "пацярпелых" — "кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў" — з Палякова спагналі 5500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.