У Віцебску Mercedes урэзаўся ў дом, загінулі кіроўца і пасажыр

У страшнай аварыі ў Віцебску ўвечары 4 сакавіка загінулі два маладыя хлопцы — аднаму 24, другому 17 гадоў. Як піша onliner.by, трагедыя адбылася на 1-й Палярнай вуліцы. Паводле папярэдняй версіі, кіроўца Mercedes не справіўся з кіраваннем і выехаў за межы праезнай часткі налева. Там аўтамабіль урэзаўся ў плот, а потым — у сцяну жылога дома.

У аўтамабілі былі два юнакі. Малодшы з іх пасведчання кіроўцы не меў, старэйшы быў пазбаўлены правоў за кіраванне аўтатранспартам у нецвярозым стане. Абодва яны загінулі на месцы.

Дарэчы, не ўдалося высветліць хто з хлопцаў быў за рулём — становішча целаў не дае адназначнага адказу на гэтае пытанне.

Фота — saligorsk.org