У Віцебскай вобласці затрымалі банду "мясных кантрабандыстаў" (відэа)
Іх "чорны" прыбытак склаў больш за 1 млрд 200 млн рублёў.
У Віцебскай вобласці затрымалі банду "мясных" кантрабандыстаў. Злачынная групоўка з дзясятка чалавек на працягу амаль 2 гадоў нелегальна гандлявала мясам. Кіравала ёй 42-гадовая жыхарка Міёраў.
Як адзначае тэлеканал СТБ, кантрабандысты набывалі ў Беларусі буйную рагатую жывёлу, забівалі яе, а мяса перавозілі ў Расію. Пры гэтым транспарціроўка адбывалася ва ўмовах канспірацыі, грузавікі "прыкрывалі" ўдзельнікі групоўкі на аўтамабілях і з радыёстанцыямі.
Беларускія праваахоўнікі падлічылі, што "чорны" прыбытак банды склаў больш за 1 млрд 200 млн рублёў. І гэтая сума можа яшчэ вырасці. Накладзены арышт на маёмасць падазраваных: дамы, кватэры, зямельныя ўчасткі, 6 дарагіх аўтамабіляў. Затрыманым пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Фота: Fotolia