У Варшаве прайшла канферэнцыя “Будучыня Беларусі”

16 кастрычніка ў Варшаве адбылася канферэнцыя “Будучыня Беларусі”. Уся праграма падзялілася на дзве галоўныя панэлі: унутраная сітуацыя ў нашай краіне і міжнароднае становішча.
У першым блоку размова пачалася з вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Журналіст Радыё Свабоды Юрый Дракахруст адзначыў, што гэта была першая кампанія, у якой адбыўся “раскол” апазіцыі, а менавіта: Таццяне Караткевіч удалося выйсці да новага электарату, пры гэтым яна згубіла падтрымку ад "радыкальнай апазіцыі".
Эканаміст Алесь Аляхновіч распавёў Еўрарадыё, што з пачатку года беларускія ўлады паказваюць, што гатовыя рэфармаваць эканоміку:
“Быў лібералізаваны курс беларускага рубля, цяпер ён вагаецца ў адпаведнасці з попытам ці прапановай на рынку. Нашмат менш інтэрвенцыі Нацбанку на рынку. Беларускія ўлады таксама ўвялі, што заробкі на прадпрыемстваў не могуць расці вышэй за прадуктыўнасць працы. Гэта таксама правільна — каб не стымуляваць інфляцыю. Улады абмежавалі вонкавы дзярждоўг у тры міліярды за 12 месяцаў. Улады праводзяць камунікатыўную палітыку, яны сустракаюцца з эканамістамі ці эканамічнымі каментатарамі, тлумачаць, што яны будуць праводзіць. Кожны месяц адбываюцца такія сустрэчы. Улады супрацоўнічаюць з Сусветным банкам, з Міжнародным валютным фондам. То бок, ёсць вельмі шмат станоўчых прыкладаў, ёсць, канешне, і адмоўныя, але гэтыя станоўчыя прыклады ў выбарчы год паказваюць, што ўлады свядома гатовыя праводзіць рэформы”
Валерый Карбалевіч, эксперт з аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, лічыць наадварот, што разлічваць на пазітыўныя змены ў эканоміцы (на "эканамічную лібералізацыю") не варта. Бо ўсё яшчэ ідзе барацьба з імпартам і ўводзяцца новыя падаткі, а гэта наадварот прывядзе да спаду. Па словах эксепрта, рэформы хутчэй за ўсё будуць мець больш “касметычны” характар, чым структурны.
У другім блоку палітолаг Дзяніс Мельянцоў прадставіў прэзентацыю па будучых адносінах ЕС і Беларусі. У ей было апытанне беларусаў "Да якога саюза вы б хацелі далучыцца?" Што цікава, за апошні год больш апытаных адказвалі, што не хочуць ніякага саюза. Самым нізкім аказаўся працэнт “з Еўрасаюзам”. Палітолаг лічыць, што гэта безумоўна ўздзеянне Украіны.
Мельянцоў: “Хто ўваходзіў у гэты слупок, той згубіў, па-першае, з-за расійскай прапаганды, а з другога боку шэраг людзей, якія раней падтрымлівалі ЕС, яны паглядзелі, якім чынам Еўрасаюз не дапамагае Украіне: і фінансава, і палітычна. Адпаведа, яны зрабілі прымерку на сябе, што калі ў нас будзе нейкі канфлікт з Расіяй, не варта чакаць ніякай дапамогі”.
Па словах Мельянцова, ёсць дынаміка ў супрацоўніцтве з ЕС. Галоўнае: дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму, якая амаль падпісаная, перамовы па мадэрнізацыі, доступ да еўрапейскіх фінансавых рэсурсаў. Беларускі бок вельмі зацікаўлены, каб было падпісанае базавае пагадненне паміж нашай краінай і ЕС. Самае галоўнае — гэта замарозка санкцый, якая дасць магчымасць кантактаваць з Захадам на больш высокім узроўні.
