У Слоніме мужчына стрэліў з пнеўматыкі ў кампанію, што замінала яму адпачываць
Стралка затрымалі да прыезду міліцыі, ілюстрацыйнае фота / @Neman102
У Слоніме затрымалі нецвярозага стралка, які адкрыў агонь з пнеўматычнай вінтоўкі па кампаніі маладых людзей. Інцыдэнт адбыўся яшчэ 3 ліпеня, расказалі ў гродзенскай міліцыі.
У кампаніі былі маладыя людзі ва ўзросце ад 23 да 27 гадоў. Спачатку яны адпачывалі ў кватэры. Потым выйшлі на двор, спыніліся пагаварыць перад тым, як разысціся па дамах. У гэты момант да іх выйшаў жыхар дома і запатрабаваў, каб яны сышлі. Варыянт пацярпець "пару хвілін" мужчыну не задаволіў. Ён вярнуўся ў кватэру, узяў вінтоўку, выйшаў з ёю на двор і стрэліў у бок маладых людзей. Яны не пацярпелі. Затое затрымалі стралка і выклікалі міліцыю.
Затрыманым аказаўся 40-гадовы жыхар Слоніма. Да гэтага інцыдэнту праблем з законам у яго не было. Супрацоўнікам міліцыі ён заявіў, што маладыя людзі паводзілі сябе шумна і перашкаджалі яму адпачываць. Праваахоўнікі апыталі іншых жыхароў дома, але скаргаў не пачулі. Супраць мужчыны завялі справу па артыкуле "Асабліва злоснае хуліганства". Санкцыя па ім прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.