У скандал з закупкай беларускіх тралейбусаў у Балгарыі ўмяшаўся ЕС
Тралейбусы Olgerd ў Балгарыі / BKM Holding
У Балгарыі расследуюць куплю беларускіх тралейбусаў. Дзевяць тралейбусаў серыі Olgerd з павялічаным аўтаномным ходам былі купленыя для муніцыпалітэта горада Враца ў 2021 годзе. Іх паставіў BKM Holding ("Белкамунмаш") за суму 4,5 млн еўра.
Еўрапейская пракуратура ў Сафіі выставіла абвінавачванне кіраўніку і ўладальніку кампаніі: іх вінавацяць у махлярстве пры дзяржаўнай закупцы тралейбусаў, заўважыў сайт reform.news. Калі віна будзе даказаная, ім пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Праект фінансаваўся Еўрапейскім фондам садзеяння эканамічнаму збліжэнню дзяржаў-чальцоў (European Cohesion Fund) у рамках мер па зніжэнні забруджвання паветра. Падчас тэндару кіраўніцтва фірмы заявіла, што тралейбусы былі набытыя ў польскай кампаніі. Аднак выявілася, што насамрэч тралейбусы былі набытыя ў беларускага дзяржаўнага прадпрыемства, якое пазней трапіла пад санкцыі ЕС за падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны. На момант куплі тралейбусаў санкцыі яшчэ не дзейнічалі. А польская кампанія, якая фігуравала ў тэндары, неўзабаве пасля дзяржзакупкі была ліквідаваная.
Таксама падчас расследавання высветлілася, што муніцыпалітэту Врацы тралейбусы былі прададзеныя удвая даражэй за іх першапачатковы закупачны кошт.
Расследаванне пачалося пасля таго, як у еўрапейскую пракуратуру звярнулася з паведамленнем прыватная асоба. Еўрапейская пракуратура падкрэслівае, што балгарскія рэгуляцыйныя органы не паінфармавалі пра парушэнні. Больш за тое, балгарская паліцыя толькі часткова выканала патрабаванні еўрапейскага дэлегаванага пракурора, ухваленыя балгарскім судом.