У Швейцарыі апраўданыя былыя кіраўнікі ФІФА і УЕФА Зэп Блатэр і Мішэль Плаціні
У Швейцарыі апраўданыя былыя кіраўнікі ФІФА і УЕФА Зэп Блатэр і Мішэль Плаціні. Іх падазравалі ў карупцыі, аднак суд палічыў гэтыя абвінавачванні не даказанымі, піша bbc.com.
Судовы працэс праходзіў з 8 чэрвеня. Пракуратура абвінавачвала былых футбольных функцыянераў у махлярстве, падробцы дакументаў і злоўжыванні службовым становішчам. Падставай для гэтага стаў плацёж у памеры больш за 2,2 млн швейцарскіх франкаў (2,08 млн долараў), які Плаціні атрымаў па распараджэнні Блатэра. Для іх прасілі 20 месяцаў умоўнага тэрміну. У выніку ж быў агучаны апраўдальны прысуд.
Зэп Блатэр і Мішэль Плаціні ачольвалі футбольныя арганізацыі да 2015-2016 гадоў, калі з-за карупцыйнага скандалу былі вымушаны пайсці ў адстаўку. Расследаванне працягвалася некалькі гадоў. Абвінавачванне выставілі толькі ў 2021-м.
Блатэр ад пачатку настойваў, што прэмію Плаціні ўхвалілі ўсе адказныя органы ФІФА (і гэта быў дадатак да заробку за чатыры гады працы дарадцам), а атрымальнік заплаціў з яе ўсе падаткі ў Швейцарыі. На той час Мішэль Плаціні быў не толькі кіраўніком УЕФА, але і віцэ-прэзідэнтам ФІФА. Яго разглядалі як пераемніка Зэпа Блатэра. Плаціні лічыць, што карупцыйная справа з'явілася менавіта таму, каб прыбраць яго, як канкурэнта на пасаду кіраўніка ФІФА.