У штаб-кватэры польскага паліцэйскага ўпраўлення прагрымеў выбух

Генерал Ярослаў Шымчык пасля выбуху трапіў у шпіталь / PAP
Зранку 14 снежня у памяшканні, што прылягае да кабінета начальніка польскай паліцыі, адбыўся выбух, паведамляе polsatnews.pl.
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, выбухнуў падарунак, які камендант паліцыі атрымаў падчас візіту ва Украіну 11-12 снежня. Там ён сустракаўся з кіраўніцтвам МНС Украіны. Падарунак быў атрыманы ад аднаго з кіраўнікоў украінскіх службаў.
Лёгкія цялесныя пашкоджанні атрымаў начальнік паліцыі — генерал Ярослаў Шымчык, яго даставілі ў шпіталь. Таксама лёгкія траўмы, якія не запатрабавалі шпіталізацыі, атрымаў цывільны супрацоўнік упраўлення.
Польскія журналісты высветлілі, што прычынай выбуху стаў гранатамёт, які падарылі ўкраінцы.
"Прычынай выбуху стаў стрэл з гранатамёта, які захоўваўся ў "засакрэчаным памяшканні". Прычына інцыдэнту не ўстаноўленая, але па словах аднаго чалавека, які мае доступ да месца здарэння, з гранатамётам гуляліся супрацоўнікі паліцыі, якія знаходзіліся ў пакоі", — піша Wyborcza.
Паводле звестак выдання, генерал Шымчык у выніку інцыдэнту страціў слых, але неўзабаве той вярнуўся. Кабінет Шымчыка размяшчаецца над пакоем, дзе адбыўся выбух.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.